Анлайн-петыцыя ў падтрымку «Белсата» набрала больш за 600 подпісаў
Рух «За Свабоду» запусціў сёння збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй у падтрымку захавання тэлеканалу «Белсат». За пяць гадзінаў яна сабрала 650 подпісаў.
«Мы хацелі б выказаць заклапочанасць у сувязі з інфармацыяй, якая з’явілася ў польскіх СМІ, пра планы істотна скараціць фінансаванне тэлеканала „Белсат“ Міністэрствам замежных спраў, а таксама пра намер адмовіцца ад вяшчання на беларускай мове», — цытуе петыцыю сайт pyx.by.
На практыцы, лічаць у арганізацыі, «такія змены будуць азначаць закрыццё „Белсату“, адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу», «такім чынам, насельніцтва Беларусі застаецца на разарванне прапагандысцкіх СМІ, залежных ад рэжымаў у Мінску і Маскве».
Сведчаннем высокіх стандартаў працы «Белсату» з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды ад польскіх і еўрапейскіх інстытутаў, а ў Беларусі журналісты тэлеканала неаднаразова станавіліся ахвярамі пераследу з боку ўладаў, нагадалі ў петыцыі.
«Мы, гледачы “Белсата”, звяртаемся да ўлады і польскага народу захаваць тэлеканал “Белсат” у цяперашнім выглядзе, у адпаведнасці з лозунгам, які яднаў нашы народы на працягу многіх стагоддзяў: „За вашу і нашу свабоду!“», — заключылі аўтары петыцыі.
На момант публікацыі, пад петыцыяй пакінулі свае подпісы 650 чалавек.
«Высокая актыўнасць карыстальнікаў Інтэрнэту, якія працягваюць падпісвацца пад петыцыяў, указвае на тое, што тэлеканал „Белсат“ — сапраўды важны праект, яго глядзяць і ведаюць. Спадзяюся, што кіраўніцтва Польшчы прыслухаецца да галасоў гэтых людзей», — пракаментаваў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Паралельна Рух «За Свабоду» праводзіць і збор подпісаў і па-за межамі Інтэрнэту. У прыватнасці, свой подпіс можна пакінуць на офісе арганізацыі ў рэгіянальных каардынатараў. Жадаючыя таксама могуць спампаваць бланк і працягваць збор подпсісаў самастойна.
Post new comment