За неаплачаныя штрафы ў актывістаў арыштоўваюць жытло
Пра шматлікія буйныя штрафы у мінулым годзе, якімі каралі грамадскіх актывістаў за акцыі салідарнасці, ужо шматкроць пісалі незалежныя СМІ. Сёлета са студзеня стала вядома пра выпадкі забароны на адчужэнне нерухомай маёмасці з боку Дэпартамента выканання пакаранняў. Прычым агульны кошт маёмасці, якой забараняецца распараджацца можа перавышаць велічыню штрафу ў 100 і болей разоў.
Паведамленне пра забарону адчужэння жылога дому і ўчастку вакол яго актывістка Вольга Мікалайчык атрымала на трэці дзень новага году. У яе неаплачана штрафаў за ўдзел у шэрагу мірных вулічных пікетаў салідарнасці на суму 5200 рублёў.
Пры гэтым Вольга нават калі б мела грошы на выплату штрафаў дзяржаве, не хацела б гэта рабіць, бо лічыць такія пакаранні несправядлівымі
"Мне выпісвалі штрафы за мірныя вулічныя акцыі толькі таму, што на іх не было дазволу. У той жа час атрымаць афіцыйны дазвол на іх правядзенне практычна немагчыма. Прычым штрафы ў 500 даляраў абсалютна неадэкватныя здзейсненаму ўчынку. Гэта цалкам рэпрэсіўная захады з мэтай спынення грамадскай актыўнасці", — пераканана Вольга Мікалайчык.
Вольга хоча дамагчыся, каб у розных міжнародных структурах звярнулі ўвагу на тое, як сёння абыходзяцца ў краіне з дэмакратычнымі актывістамі. “У нас за кожны мірны пікет даюць вялізныя штрафы, а пасля накладваюць арышт на маёмасць. Такое стаўленне да сваіх грамадзян — проста непрымальнае”.
Учора стала вядома пра яшчэ адзін абуральны выпадак. Актывістка (яна пакуль прасіла не агучваць сваё прозвішча) атрымала пастановы пра прыняцце мераў па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента ад аддзела Прымусовага выканання Маскоўскага раёна Мінска.
Заўзятыя чыноўнікі наклалі арышт на кватэру актывісткі, а таксама на дом з участкам пад Валожыным і аўтамабіль, якія належаць мужу актывісткі. Пры гэтым актывістка мае ўсяго адзін неаплачаны штраф памерам у тысячу пяцьдзесят рублёў.
Post new comment