Салідарнасць грамадства прыпыніла будаўнічыя працы ў Курапатах
На восьмы дзень абароны Курапатаў стала вядома, што рабочыя, якія збіраліся будаваць офісны цэнтр ля Урочышча, забралі рэчы. Работы прыпыніліся. Шматдзённая вахта абаронцаў Курапат прынесла тактычную перамогу.
Нагадаем, з мінулага панядзелка на тэрыторыі у непасрэднай блізкасці ад мемарыяльнага комплексу, дзе падчас бальшавіцкага тэрору па самых сціплых ацэнках былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек, у аўральным парадку, былі распачатыя падрыхтоўчыя да будаўніцтва працы. Кампанія «Белрэканструкцыя» распачала будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтра.
Актывісты Маладога фронту першыя ўсталі на абарону Курапатаў, спрабуючы фізічна супрацьстаяць будаўнікам. У хуткім часе да абароны месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій далучыліся іншыя грамадскія і палітычныя арганізацыі. Было праведзена экстранае паседжанне Камітэту абароны Курапатаў, на якім вызначылі канкрэтны алгарытм дзеянняў. Рабіліся звароты у пракуратуру і Мінгарвыканкам, была арганізаваная кругласуткавая вахта абаронцаў Курапатаў каля будпляцоўкі, сярод жыхароў суседніх дамоў праводзілася інфармацыйна-асветніцкая праца. У намётавым лагеры спявалі музыкі, ладзіліся інсталяцыі, праводзіліся супольныя малітвы, паказвалі дакументальныя стужкі, прысвечаныя Курапатам. На сайце petitions.by створана петыцыя "Неадкладна спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра каля мемарыяла Курапаты!"
Урэшце ўлады прынялі рашэнне прыпыніць працы каля Курапатаў да высвятлення, наколькі законна быў выдзелены ўчастак пад будаўніцтва бізнес-цэнтра.
Можна заўважыць, што мы сталі сведкамі перамогі сапраўднай салідарнасці, калі актывісты самых розных грамадскіх і палітычных арганізацый, жыхары шматпавярховых дамоў аб’ядналіся і далі адпор рэалізатарам бязглуздай і амаральнай ідэі будаўніцтва бізнес-цэнтра на костках закатаваных і расстраляных ахвяраў таталітарнага рэжыму.
Post new comment