Марш недармаедаў у Мінску азмрочыўся гвалтоўнымі затрыманнямі
Сілавікі ў цывільным пасля заканчэння мірнай акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3 пераследавалі маладзёнаў, якія з’яўляюцца прыхільнікамі анархісцкага руху, і праз некаторы час жорстка затрымалі і даставілі іх у Цэнтральны і Першамайскі РУУСы.
Паводле выпадковых сведкаў, затрыманні былі напраўду брутальнымі. Сілавікі ўварваліся ў тралейбус, дзе ехалі анархісты і з ужываннем грубай сілы выцягнулі юнакоў і дзяўчат з тралейбуса. Затрыманых ледзь не цягнулі па асфальце, надавалі кухталёў. З кішэняў і торбаў выпадалі асабістыя рэчы…
Пры усім гэтым, затрыманым (а іх каля сарака чалавек) інкрымінуюць усяго толькі артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).
Нелюбоў лукашэнкаўскіх уладаў да анархістаў вядома даўно. Але ж неправамерныя і неадэкватныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у дачыненні да маладых людзей, сярод якіх былі непаўналетнія, супярэчаць не толькі закону, але маралі, прыстойнасці і здароваму сэнсу і могуць выклікаць толькі абурэнне і асуджэнне.
Выпадковыя сведкі, шакаваныя дзеяннямі міліцыі, заявілі, што гатовыя выступіць сведкамі на судзе.
Нагадем, 15 сакавіка ў Мінску прайшоў чарговы, пры чым афіцыйна ўзгоднены трохтысячны марш пратэсту супраць дэкрэта №3, які прадугледжвае механізмы прымусу да працы і фінансавае спагнанне за вымушанае беспрацоўе.
Post new comment