Сем парадаў ад доктара для тых, хто прайшоў праз арышт

Доктар агульнай практыкі падзяліўся з Камітэтам “Салідарнасць” сваімі парадамі для тых, хто адбыў адміністратыўны арышт у ізалятарах часовага ўтрымання. Нагадаем, у сакавіку за ўдзел у акцыях недармаедаў, у шэсці на Дзень Волі, а таксама паводле сфабрыкаваных міліцыяй пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні арыштамі на розны тэрмін у судовым парадку пакараныя больш за 200 чалавек.

  1. Паведаміць сваякам і ўсім, хто за вас хвалюецца, што вы выйшлі на свабоду. Гэта важна, бо блізкія людзі, як бы яны не ацэньвалі вашае затрыманне і арышт, вельмі за вас перажываюць. Гэта пэўны клопат пра іх здароўе. Пасля гэтага стане псіхалагічна лягчэй і вам і ім.
  2. Вельмі важна адразу пасля вызвалення добра памыцца і памыць вопратку. Ні ў якім разе не хадзіць па хаце брудным. Ёсць верагоднасць занесці з ізалятара часовага ўтрымання паразітаў (вошы, блохі і інш.)
  3. Трэба даць сабе добра выспацца і пабыць сам-на-сам. Адпачыць ад сацыяльных кантактаў і па магчымасці не карыстацца сацыяльнымі сеткамі. З аднаго боку, знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання пашырае навыкі камунікацыі, дазваляе пазнаёміцца з аднадумцамі ці проста цікавымі людзьмі. Але з іншага боку, людзі, калі яны знаходзяцца ў абмежаванай прасторы цягам некалькіх дзён, непазбежна пачынаюць адзін аднаму надакучваць. Гэта псіхалагічна стамляе. Пасля арышту з’яўляецца патрэба адпачыць ад людзей. Да таго ж, роспыты, як там было, як перажыў, прымушае чалавека ўзгадваць пражытае і перажываць гэты часцяком траўматычны досвед ізноў.
  4. Варта пасля вызвалення больш гуляць на вуліцы. Часцей дыхаць чыстым паветрам і глядзець у далячынь, каб аднавіць зрокавы тонус.

  5. Знаходжанне ў стрэсавых умовах ізалятара аслабляе імунітэт. У выніку абвастраюцца хранічныя захворванні. Могуць з’явіцца праблемы са стрававальнай сістэмай, са зрокам, з горлам (абвастраецца хранічны танзіліт). Можа пагоршыцца стан хворых на цукровы дыябет і гіпертанію. Таму важна прыслухацца да свайго самаадчування, сігналаў уласнага арганізма. Пры наяўнасці пэўных сімптомаў варта схадзіць да доктара і папрасіць дадатковыя даследаванні.

  6. Паспрабаваць самастойна эмацыйна перажыць гэты неардынарны жыццёвы досвед і прыняць яго. Пагадзіцца з тым, што гэта не вы вінаватыя, што трапілі пад арышт, а сітуацыя такая. Магчыма давядзецца пераасэнсаваць некаторыя каштоўнасці.

  7. Калі трывожныя думкі і перажыванні не адпускаюць, з’явілася падазронасць да атачэння, пастаянная негатыўная рэакцыя на супрацоўнікаў міліцыі, змяніліся сайты, якія вы чытаеце, варта не саромецца і звярнуцца да псіхолага. Часам перажыць і асэнсаваць такі досвед можна толькі з дапамогай спецыяліста

Вы выйшлі на волю. Жыццё працягваецца. Трэба навучыцца ўспрымаць часовае пазбаўленне свабоды не як паразу альбо трагедыю, а як цікавы і карысны досвед, які зробіць вас мацнейшым.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.