Зміцер Паліенка на паўтары гады кінуты за краты
7 красавіка суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў пытанне аб адмене адтэрміноўкі крымінальнага пакарання Зміцеру Паліенку. Грамадскі актывіст будзе адбываць тэрмін у калоніі. Судовае рашэнне абскарджанню не падлягае.
У дачыненні да Зміцера Паліенкі дзейнічае прысуд аб пазбаўленні волі на 2 гады з адтэрміноўкай, вынесены 12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна Мінска ў выніку прызнання актывіста вінаватым па артыкуле 364 «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і частцы 2 артыкула 343 «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».
Крымінальную справу, узбуджаную супраць Паліенкі ў сувязі з інцыдэнтам паміж ім і супрацоўнікамі ДАІ падчас велапрабегу “Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года ў Мінску, Праваабарончы цэнтр “Вясна” разглядаў як пераслед за ажыццяўленне актывістам гарантаванага яму канстытуцыйнага права на свабоду мірных сходаў, адзначаючы непрапарцыйнасць ужывання гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях яе ўдзельнікаў, а таксама ў перыяд следства заяўляў пра непрапарцыйнасць такой меры стрымання як ўзяццё пад варту, у выніку чаго актывіст у чаканні судовага працэсу правёў за кратамі пяць месяцаў.
Праваабаронцы віталі прысуд суда Цэнтральнага раёна, не звязаны з пазбаўленнем волі, паколькі падчас маніторынгу працэса канстатавалі адсутнасць дастатковых і пераканаўчых доказаў па крымінальнай справе з боку абвінавачання – як у частцы інкрымінаванага гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, так і ў частцы распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.
Працэс у судзе Заводскага раёна вяла суддзя Алена Капцэвіч. Як прагучала ў судзе, сярод падставаў для разгляду пытання аб адмене адтэрміноўкі выканання пакарання было невыкананне актывістам ускладзенага на яго абавязку аб працаўладкаванні да лютага бягучага году. На гэты конт Паліенка неаднаразова распавядаў праваабаронцам, што ні адзін з працадаўцаў, да якіх ён звяртаўся па накіраванні службы занятасці насельніцтва, не прыняў яго на працу. Інспектар, які ажыццяўляў кантроль за асуджаным на час адтэрміноўкі пакарання, прад’явіў яму чатыры парушэнні. Таксама актывісту ставяцца ў віну два адміністратыўныя спагнанні, атрыманыя праз ягоную грамадскую актыўнасць: 10 сакавіка быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска да сямі сутак арышту нібыта за “дробнае хуліганства” ў выніку затрымання ў Доме правасуддзя, дзе выказаў абурэнне прысудам па так званай “справе антыфашыстаў”, а 20 сакавіка быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска да 15 сутак адміністратыўнага арышту за пратэст супраць будаўніцтва офіснага цэнтра ў Курапатах.
Варта адзначыць, што ў дзень сканчэння тэрміну другога адміністратыўнага арышту Паліенка на свабоду не выйшаў: як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту “дадалі” яшчэ 10 сутак арышту, за што – не зразумела, і пакінулі ў жодзінскім ізалятары. Праваабаронцы не выключаюць, што гэта было зроблена адмыслова, каб пратрымаць актывіста да вынясення сённяшняга судовага рашэння.
Разгледзеўшы прадстаўленні органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, суддзя адмяніла адтэрміноўку з далейшым накіраваннем Зміцера Паліенкі для адбыцця пакарання, прызначанага прысудам. З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтары гады і 13 дзён. Гэтае судовае рашэнне абскарджанню не падлягае.
Паводле ПЦ "Вясна"
P.S. Стала вядома, што Зміцер Паліенка этапаваны ў Бабруйскую калонію. Яго можна падтрымаць лістом альбо паштоўкай на адрас:
Зміцеру Паліенку
ПК-2, у каранцін,
вул. Сікорскага, 1, г. Бабруйск,
Магілёўская вобласць, 213800
Post new comment