Reply to comment
Студэнт філалагічнага факультэта БДУ, якога ўнеслі ў спісы на адлічэнне за актыўную грамадскую дзейнасць, распавядае пра метады змагання адміністрацыі навучальнай установы з іншадумствам і дзеліцца планамі на будучыню.
Чаму вы пратэставалі супраць платных перасдачаў?
Па-пераше, мяне абурыла, што рашэнне рэктара пра платныя перасдачы было прынятае без удзелу студэнтаў. Я выйшаў на марш салідарнасці з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі супраць сяброў студэнтаў, якія выяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Я таксама хацеў данесці да грамадства, што фармальнае далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу ніяк не палепшыла сістэму адукацыі.
На вас быў складзены пратакол. Як вы думаеце чаму менавіта на вас?
Я ўзначальваў пратэст, ішоў наперадзе. Калі мы падышлі да БДУ, мы пачалі клікаць рэктара на дыялог. Да мяне падышоў старэйшы лейтэнант Смірноў і пачаў складаць пратакол. Пазней міліцыянт патлумачыў, што на маёй вопратцы ёсць б-ч-б стужка. А гэта значыць, што я нібыта парушыў правілы правядзення масавых мерапрыемстваў і што я апазіцыянер.
Але на гэтым праблемы не скончыліся?
Так, менавіта. Пачаліся праблемы са здачай заліку на курсе “Псіхалогія літаратурнай творчасці”, які выкладае Таццяна Шамякіна. Я з першага разу не здаў залік. На наступны раз добра падрыхтаваўся, даздаў неабходныя працы, але яна зноў не паставіла залік. Калі я пераздаваў курс камісіі, яе чальцы прызнавалі, што я валодаю ведамі, але Таццяна Шамякіна зноў “адправіла” мяне на перасдачу. Насамрэч, гэта быў падман. Неўзабаве маё прозвішча ўнеслі ў спісы на адлічэнне. Раней у нас былі нармальныя стасункі, без эксцэсаў і ўзаемнага негатыву. Я ад яе такога не чакаў. Да сённяшняга дня яна не падымае слухаўку на мае званкі… Чаму яна так зрабіла?
Як вы думаеце, чаму выкладчыца катэгарычна адмаўлялася вам ставіць залік?
Яна мяне трохі ўшчувала падчас навучання за маю грамадскую актыўнасць, мае спрэчкі з адміністрацыяй. Магчыма, ў яе пачало ўзнікаць асабістае непрыманне ў сувязі з маёй грамадскай дзейнасцю. Мо яна як чалавек сістэмы зразумела: хочаш застацца ў сістэме, рабі што трэба. Магчыма, яе папрасілі “зверху” не ставіць мне залік, не выключаю.
Вашае адлічэнне магло быць запланавана? Навошта адміністрацыі ВНУ гэта рабіць?
Мяне папярэджвалі знаёмыя з рэктарату яшчэ да сесіі, што рыхтуюцца мяне адлічаць. Яны з любой нагоды пазбаўляюцца актывістаў, якія выказваюцца супраць архаічнай сістэмы адукацыі, уголас гавораць пра праблемы вышэйшай школы. Яны так баяцца актыўных, неабыякавых студэнтаў, нават не зважаюць на магчымыя іміджавыя страты ў вачах замежных партнёраў.
Мы выказваліся ў падтрымку студэнтаў БДПУ імя Танка. Сабралі 2 з паловай тысячы подпісаў супраць платных перасдачаў, давялі сваю пазіцыю да так студкіравання, але безвынікова. У нас было шмат акцый і студэнцкіх ініцыятыў. Мы планавалі афіцыйную рэгістрацыю. Яны хочуць нейтралізаваць самых актыўных студэнтаў. Каб астатніх прыпалохаць і супакоіць.
Калі вам давядзецца працягнуць атрыманне адукацыі за мяжой. У якім кірунку вы хочаце працягнуць навучанне?
Я хачу працягнуць навучанне ў кірунку паліталогіі, права альбо менеджмэнту. Я жыцця без Беларусі не ўяўляю, бо лічу сябе шчырым патрыётам. Якая б складаная сітуацыя тут не была, я пасля вучобы хачу сюды вярнуцца, каб зрабіць свой унёсак у пабудову вольнай і заможнай Беларусі.
Усё ж, я разлічваю, што мая адукацыя ў Польшчы будзе ўлічана ў Беларусі і мяне не будуць пераследаваць. Калі што, нават гатовы панесці пакаранне за вымушанае ўхіленне ад войску.