Reply to comment
Суддзя Скуратовіч у дзеяннях графіцістаў злоснага хуліганства не выявіла. Яна пакарала юнакоў штрафамі.
У Фрунзенскім судзе сталіцы 29 студзеня скончыўся суд па справе графіцістаў.
У каментары «Нашай Ніве» хлопцы адзначылі, што прысуд для іх нечаканы. Паводле іх меркавання, гэта перамога, якой удалося дамагчыся дзякуючы салідарнасці грамадства, увазе СМІ і працы праваабаронцаў. Сваю дзейнасць хлопцы спыняць не збіраюцца.
Сапраўды зала суда была поўная. Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць графіцістаў былі палітыкі Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, а тасксама нядаўна збітыя АМАПам за акцыю салідарнасці ў залі суда 25-га студзеня Максім Шыцік і Павал Сяргей.
Уладзімір Жаромскі і Максім Пякарскі прызнаныя вінаватымі ў пашкоджанні маёмасці. Хаця пракурор запрасіў для Жаромскага 2 года хіміі, без накіравання, Пякарскаму штраф у 300 базавых велічынь, Вячаславу Касінераву 1,5 гады хіміі без накіравання і штраф, злоснага хуліганства ў дзеяннях Пякарскага і Касінерава не выяўлена. Усім прызначаныя штрафы: Жаромскаму — 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў), Пякарскаму — 40 (8 400 000 рублёў), Касінераву — 30 (6 300 000 рублёў).
Як нагадвае “Наша Ніва”, “справа графіцістаў” узнікла незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. 11 жніўня спецназ жорстка затрымаў пяць хлопцаў: трох з іх арыштавалі, двух адпусцілі. Іх падазравалі ў нанясенні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…»
Акрамя таго, маладых людзей падазравалі у псаванні фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. Графіцістаў абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асобаў. А неўзабаве ўтрыманне пад вартай ім замянілі падпіскай аб нявыездзе. Экспертыза надпісаў, як распавялі журналістам самі абвінавачаныя, не выявіла ў іх прыкметаў экстрэмізму.
На ранейшых судовых пасяджэннях былі дапытаныя фігуранты справы, якія не прызналі сваёй віны.