Салідарнасць патрабуе мужнасці
На працягу апошняга тыдня магіляўчанін Аляксей Паўлоўскі зноў быў бадай што галоўным героем у паведамленнях шматлікіх інтэрнет-рэсурсаў.
Справа ў тым, што кіраўніцтва магілёўскага акцыянернага таварыства «Прамжылбуд», дзе грамадскі актывіст працаваў мулярам, адмовілася працягваць з ім працоўны кантракт. Гэта настолькі абурыла яго калег, што брыгада муляроў напісала калектыйную заяву да кіраўніка прадпрыемства з патрабаваннем, каб з Паўлоўскім быў працягнуты працоўны кантракт. У адваротным выпадку, заявілі пятнаццаць будаўнікоў, яны таксама адмаўляюцца працягваць кантракты.
Акрамя таго, муляры заяўлялі, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Яны адзначалі, што іх пазіцыя - гэта салідарнасць з таварышам, які заўсёды актыўна бароніць іх правы.
Кіраўніцтва прадпрыемства у тэрміновым парадку задзейнічала адміністрацыйны рэсурс і праз некаторы час, пасля сустрэч з кожным “падпісантам” сам-насам, прымусіла амаль усіх адазваць свае подпісы.
Цікавасць у гэты факт дадае тое, што месяц таму старэйшага сына Паўлоўскага, таксама Аляксея, адлічылі з аспірантуры інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. Паўлоўскі малодшы, каб абараніць свае правы, а таксама правы другіх аспірантаў на пражыванне ў інтэрнаце, арганізаваў напісанне заявы. У гэтым выпадку таксама, пасля гутарак з кіраўніцтвам інстытуту, падпісаўшыя заяву аспіранты адклікалі свае подпісы.
Вось і атрымалася, што і бацька, і сын, пацярпелі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, неабыякавасць да сваіх правоў і правоў тых, хто знаходзіцца побач з імі.
Можна здагадвацца чаму ў абодвух выпадках калегі Паўлоўскіх не пайшлі да канца. Адназначна на ўсіх падпісантаў быў ціск з боку кіраўніцтва. У кожнага свае жыццевыя абставіны…
Але ўсе, хто калісці сутыкаўся з Паўлоўскімі, упэўнена падцвердзяць, што вось яны ні пад якім ціскам сваіх подпісы адклікаць б не сталі.
Post new comment