Святкаванне Дня Волі ў Літве
У Літве святкаванню 94-тай гадавіны заснавання БНР быў прысвечаны тыдзень беларускай гісторыі і культуры, арганізаваны беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі, Літоўскім парламентам, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
24 сакавіка адбыўся ўрачысты прыём у Віленскай гарадской ратушы, арганізаваны мэрыяй Вільні, Літоўскім парламентам і прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Напярэдадні ў Літоўскім сойме прайшоў круглы стол па пытаннях беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.
У вучэбным корпусе ЕГУ адбылося адкрыццё гістарычнай і мастацкай выставы “Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка”.
Пра падзею распавёў магістрант курса “Ахова і інтэрпрэтацыя нацыянальнай спадчыны” Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кірыл Атаманчык:
- На выставе экспануюцца дакументы, датычныя гісторыі Беларусі 1918 - 1914 гадоў, нядаўна адкрытыя Інстытутам гістарычных даследанняў Беларусі Еўрапейскага дзяржаўнага універсітэта ў Літоўскім дзяржаўным архіве. Доўгія гады дакументы ляжалі проста стосам, іх ніхто не бачыў.
Гэта тагачасныя архіўныя фонды, якія былі закладзены для незалежнай беларускай дзяржавы. Змястоўную экспазіцыю з 17 стэндаў з рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі, партрэтамі братоў Антона і Івана Луцкевічаў і генерала Станіслава Булак-Балаховіча аздобіў мастак Алесь Пушкін. Выстава будзе экспанавацца і ў іншых еўрапейскіх сталіцах.
Сябры ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць” ушанавалі памяць
К. Каліноўскага, ўскладаннем кветак каля крыжа на Лукішскім пляцы ў дзень, калі ён
быў забіты. Са сцягамі і са знічкамі ў руках моладзь рушыла на гару Гедыміна.
“Некалькі студэнтаў-каліноўцаў прыехалі з Варшавы на аўтамабілях. Да нас далучыліся літоўцы, якія выказваюць цікавасць да нашых агульных герояў, - распавёў кіраўнік ініцыятывы, студэнт- каліновец Анатоль Міхнавец. - У Беларусі ёсць 27 вуліц, прысвечаных К. Каліноўскаму, ёсць такая ж вуліца ў Вільні. Верым, што ў перспектыве будуць заснаваныя памятным знакі і помнікі, прысвечаныя нацыянальным героям.”
У наступным годзе будзе адзначацца 150-годдзе з дня смерці Каліноўскага,
гэтая дата вартая належнага ўшанавання.”
Святкаванне 94-тай гадавіны БНР завершылася аўтапрабегам з бел-чырвона-белымі беларускімі і літоўскімі нацыянальнымі сцягамі па вуліцах старажытнай сталіцы ВКЛ.
Імпрэзы і набажэнствы ў гэтыя дні адбыліся не толькі ў Літве, але і ў Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, святочныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, іншых краінах Еўропы і ў Амэрыцы.
Post new comment