Шэсць год дзейнічае Праграма імя К.Каліноўскага
30 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча выпускнікоў, прымеркаваная да 6-тай гадавіны заснавання стыпендыяльнай Праграмы імя К. Каліноўскага.
Стыпендыяльная Праграма была падпісана старшынёй Рады Міністраў Польшчы Казіміжэм Марцінкевічам і Аляксандрам Мілінкевічам 30 сакавіка 2006 года пасля падзей на Плошчы і ў намётавым мястэчку, калі дзесяткі студэнтаў былі выключаны з навучальных устаноў на Беларусі.
З таго часу маладзёны, якія падвяргаліся адміністрацыйным арыштам, штрафам, турэмнаму зняволенню, выключэнню з ВНУ, а таксама дзеці рэпрэсаваных дэмакратычных актывістаў штогод накіроўваюцца на вучобу ў суседнюю краіну.
Лідэр Руху “За Свабоду”Аляксандр Мілінкевіч накіраваў ліст прэмьер-міністру Дональду Туску з удзячнасцю за прадастаўленую беларускім студэнтам магчымасць рэалізаваць свае адукацыйныя правы, за дапамогу беларускай моладзі і ўсяму дэмакратычнаму руху на Беларусі.
“Сустрэча з выпускнікамі праходзіла ў той самай залі, дзе Праграма была падпісана ў 2006 годзе. Казіміж Марцінкевіч, прысутны на сустрэчы, назваў гэту падзею дарам сэрца польскага народа, - адзначыла старшыня Камітэта “Салідарнасьць” Іна Кулей. - Удзельнікі ўзгадалі хвалюючыя моманты 2006 года, калі на Плошчы ў намётавым мястэчку ўжо ведалі, што дзесяткі студэнтаў у Мінску хутка будуць выключаны з універсітэтаў. Аляксандр Мілінкевіч кініў кліч аб дапамозе моладзі. Польскія сябры адгукнуліся першымі, яны нават уначы прапрацоўвалі ідэі новай праграмы, пра задуму якой стала вядома ужо 26 сакавіка”.
Падводзячы вынікі 6 гадоў дзейнасці, пан Марцінкевіч назваў Праграму К.Каліноўскага паслядоўнай і патрэбнай. Ён падкрэсліў, што добрая адукацыя дае беларускай моладзі ключ да сусвета.
Сустрэчу працягнула цёплая вечарына ўспамінаў, прагляд фотаздымкаў.
Выпускнікі і іх бацькі выказалі сардэчную падзяку дырэктару Праграмы пану Яну Маліцкаму, вядомаму польскаму гісторыку і грамадскаму дзеячу. Многія са стыпендыстаў казалі пра добрае стаўленне да сябе з боку выкладчыкаў і куратаў польскіх універсітэтаў. Сапраўдным клопатам агортвае стыпендыстаў у Гданьску прарэктар універсітэта пані Моніка Жэчыцка.
На сённяшні дзень з ліка студэнтаў 56 асобаў скончылі магістратуру, 1 чалавек здабыў тытул доктара навук, 58 асобаў плануюць скончыць магістарскі узровень ў 2012 годзе. Акрамя іх на бакалаўрыяце займаюцца каля 150 чалавек.
Праграма ахоплівае 57 вышэйшых навучальных устаноў Польскай рэспублікі. Найбольшая колькасць студэнтаў займаюцца ў Варшаўскім, Беластоцкім, Гданьскім і Познаньскім універсітэтах. Аўтарытэтам карыстаюцца таксама Гуманітарная Акадэмія імя А.Гейштара ў Пултуску, універсітэт імя М.Каперніка ў Торуні і іншыя.
Сярод абраных беларускімі студэнтамі спецыяльнасцяў традыцыйна папулярныя міжнародныя адносіны, паліталогія, інфарматыка, эканоміка, турыстыка, філалогія, педагогіка. Больш рэдкія: малекулярная біялогія, тэорыя музыкі, гукарэжысура, тыфлапедагогіка. Некалькі чалавек вывучыліся на лекараў.
Прадугледжаны гадавы курс польскай мовы для непаўнагадовых стыпендыстаў ў Лодзі.
У 2011 годзе была дадзена магчымасць у рамках Праграмы рэалізаваць свае акадэмічныя правы зволеным у розныя гады з працы навукоўцам і выкладчыкам. Працягваць даследванні па раней распрацаваных тэмах і пісаць кнігі здолелі Ніна Стужынская, Пётр Мігурскі, Валеры Сядоў і іншыя.
Праграма К.Каліноўскага будзе працягвацца. Новы набор будзе ажыццяўляцца Камітэтам ”Салідарнасьць” ў траўні-чэрвені 2012 года.
Выключаныя ў 2011-2012 годах з Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, БДУ і БДПУ імя Танка студэнты ўжо падалі свае заяўкі на ўдзел у Праграме.
Post new comment