Уладзімір Лемеш: “Лісты салідарнасці граюць асаблівую ролю ў жыцці беларусаў”
На сядзібе партыі БНФ (г. Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39) працягваецца выстава «Лісты з няволі». Адзін з арганізатараў мерапрыемства, грамадскі актывіст Уладзімір Лемеш адзначае, што пасля падзей 19 снежня 2010 года, калі ў турмы былі змешчаны дзясяткі апанентаў рэжыму, лісты палітзняволеных сталі часткай шматпакутнай гісторыі нашай краіны. Доўгі час ад зняволеных не было амаль аніякай інфармацыі, рэдкія адказы былі сапраўдным шчасцем і гісторыяй, якой варта падзяліцца.
Выстава «Лісты з няволі» акцэнтуе ўвагу людзей на асаблівай ролі ліставання ў грамадстве, у якім існуе праблема вязняў сумлення. Экспазыцыя прадстаўляе гледачу магчымасць сфармаваць абагульнены вобраз палітвязня праз пагружэнне ў прастору гэтага ліста. Разам з тым, выстава імкнецца нагадаць пра існаванне праблемы палітзняволеных у Беларусі, а таксама заклікаць людзей да кампаніі салідарнасці.
“На нашу думку, найлепей распавесці пра ідэю грамадскай салідарнасці магчыма прадставіўшы выставу лістоў палітычных вязней, якія атрымалі грамадскія актывісты”, - кажа спадар Лемеш.
Лісты ад палітвязняў змешчаны на фоне фотаздымкаў рэальных сцэн у беларускіх калоніях, турмах і СІЗА. То бок там, дзе дагэтуль змешчаны людзі, якія пацярпелі за свае палітычныя погляды.
Гэтаксама пад час агляду экспазіцыі кожны мае магчымасць падпісаць лісты і паштоўкі, якія былі адмыслова падрыхтаваны пад час рэалізацыі праекта, палітвязням. Пасля чаго валантэры адашлюць іх па адрэсах.
Post new comment