Сталкер беларускай культуры ва Ўкраіне
Выпускнік Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту тэатру, кіно й тэлебачання Максім Буйніцкі прэзэнтаваў пяць сваіх дыпломных стужак у родным Бабруйску.
За мяжу Максім вымушаны быў з'ехаць пасля адлічэння з мінскай Акадэміі мастацтваў. У 2004 годзе на Дзень волі ён разам з яшчэ двума актывістамі прыкаваў сябе да ліхтарні. Такім чынам маладыя людзі адзначылі гадавіну абвяшчэньне незалежнасці БНР.
«Мяне выключылі з Акадэміі мастацтваў, паколькі я адмовіўся прасіць прабачэння за ўдзел у акцыі і даводзіў яе мастацкую вартасць», — кажа Максім Буйніцкі.
У 2007 году пасля няўдалых спробаў аднавіцца ў акадэміі Буйніцкі з'ехаў ва Ўкраіну. Атрымліваў Эўрапейскую стыпэндыю «Вышэйшая адукацыя для моладзі Беларусі», і праз\ пяць гадоў скончыў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатру, кіно і тэлебачання па спецыялізацыі «Рэжысура мастацкага фільму». Ягоныя дыпломныя фільмы неаднаразова адзначаліся на ўкраінскіх і міжнародных кінафэстывалях.
«Я паступіў на рэжысуру мастацкага кіно, бо гэта больш унівэрсальная спецыялізацыя і прыдатная для таго, каб хаця б праз экран вярнуцца на Радзіму», — кажа ён.
Максім хацеў бы здымаць беларускае кіно ў Беларусі. Нават даслаў рэзюмэ на «Беларусьфільм». Пакуль жа сябе ён называе сталкерам беларускай культуры ва Ўкраіне і здымае фільмы на ўкраінскай мове, з украінскім кантэкстам, але зразумелыя і беларусам.
Паводле svboda.org
Post new comment