Шматдзетнай сям’і Класкоўскіх патрэбна дапамога сяброў
Трыццацідвухгадовы мужчына 19 снежня 2010 года выйшаў на Плошчу ў афіцэрскім мудзіры і ў першых шэрагах адчуў на сябе ціск ланцуга АМАПу. Малады лейтэнант спрабаваў спыніць людзей з дубінкамі, заклікаў да іх сумлення.
Наступнай ноччу Аляксандр Класкоўскі быў затрыманы і моцна збіты ў сябе дома. Ён быў арыштаваны разам з іншымі па справе аб масавых беспарадках і асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У маладосці Аляксандр Класкоўскі вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, пазней атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Пасля службы ў войску ён паступіл на службу ў ДАІ інспектарам дарожна-патрульнай службы Ленінскага раёну Мінска.
Ён быў незвычайным міліцыянерам - размаўляў на працы па-беларуску, складаў пратаколы на роднай мове, прыносіў незалежную прэсу. Аднойчы, падчас службы ён затрымаў узброеных угоншчыкаў, і быў удастоены за гэта дзяржаўнай прэміі. Перыядычна Аляксандр займаў першыя месцы на спартовых спаборніцтвах, выступаючы за свой раённы аддзел. Але з міліцыі Аляксандру прыйшлося звольніцца ў 2005 годдзе.
Аляксандр Класкоўскі пасля падзей Плошчы знаходзіўся ў СІЗА КДБ, як іншыя вязні адчуў моцны фізічны і псіхалагічны ціск.
Пазней у калоніі давялося цярпець прыніжэнне чалавечай і афіцэрскай годнасці, здзек. Падтрымлівала тое, што ён знаходзіўся ў Шклоўскай калоніі разам з былым кандыдатам у прэзідэнты– мужным палкоўнікам Мікалаем Статкевічам, і пасябраваў з ім.
Пасля вызвалення цягам году выпрабаванні працягваюцца. Аляксандр пазбаўлены права на працу па спецыяльнасці - яму адмаўляюць на падставе судзімасці, ён не можа дастаткова зарабляць, каб карміць сваю сям’ю, не можа ўзяць крэдыт у банке.
У Аляксандра і яго жонкі Наталлі трое непаўнагадовых дзяцей. Малодшаму Арсенію – 4 годзікі. Старэйшыя дзеці вучацца ў школе.
У мінулым годзе сям'я атрымала новую кватэру, якую доўга чакала. Набыць мэблю ў кватэру немагчыма, бо трэба штомесяц выплочваць крэдыт за жыллё. Наталля Класкоўская вымушана жыве пакуль з дзецьмі на вёсцы ў родных.
Сябры грамадзянскай і дэмакратычнай супольнасці могуць дапамагчы сям'і Класкоўскіх.
Усе жадаючыя аказаць любую дапамагу Аляксандру і Наталле могуць звярнуцца у Камітэт “Салідарнасьць” па тэл. 2808863, альбо па мабільным тэлефоне: 8029604 5305
Post new comment