“Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне: у навуковых даследваннях і памяці народаў”
Навукова-папулярная канферэнцыя з такой назвай, у якой прымалі ўдзел гісторыкі і краязнаўцы з Беларусі і Польшчы прайшла 25-26 траўня ў Гародне.
Гэта чарговае з шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да 150-х угодкаў нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Напярэдадні канферэнцыі яе арганізатары правялі аб’езд памятных мясцінаў паўстання.
- Аб'язджаем мясціны, звязаныя з паўстаннем 1863-га года. Былі на Мастоўшчыне, зараз рушым у бок Ліды і далей на Воранаўшчыну. Наведаем месца, дзе знаходзіцца памятны знак у гонар Ксяндза Фалькоўскага, таксама наведаем Беняконі, а на адваротным шляху заедзем у Азёры, - расказаў адзін з арганізатараў вандроўкі гісторык Эдвард Дмухоўскі.
Як адзначыў гісторык Алесь Краўцэвіч такі фармат канферэнцыі цікавіць значную частку гарадзенцаў.
-
Гэта мне здаецца вельмі цікавы фармат, таму што гістарычная навука, якая не мае на мэце дайсці да людзей – гэта навука проста ялавая, яна ў пустэчу, яна для саміх гісторыкаў. Яны бавяцца ў навуку самі з сабой. А вось калі прыцягваць шырэйшае кола: краязнаўцаў, аматараў, зацікаўленых, даваць ім слова, гэта ёсць праўдзівая гістарычная навука. І яна выконвае сваю асноўную функцыю – гістарычную асвету грамадства.
Адкрылі мерапрыемства амбасадар Польшчы Лешэк Шарэпка і палітык Аляксандр Мілінкевіч. Апошні заўважыў, што хоць і лічыцца палітыкам, усё ж з’яўляецца яшчэ і краязнаўцам.
У размове за круглым сталом прынялі ўдзел гісторыкі ды краязнаўцы з рэгіёнаў.
Станіслаў Суднік расказаў пра помнікі паўстанцам на Лідчыне, Мікалай Быхаўцаў – на Ваўкавышчыне, а Аляксандр Мілінкевіч закрануў тэму так і не пастаўленага помніка Кастусю Каліноўскаму.
Канферэнцыя арганізавана супольнымі намаганнямі "Гарадзенскай Бібліятэкі", Консульства РП у Гародні, Польскага Інстытута ў Менску і Руху “За Свабоду!”
Post new comment