Зварот ІІІ Беларускага праваабарончага форуму Да саміту Усходняга Партнёрства
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, удзельнікі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, разглядаем праграму Усходняга Партнёрства як сродак набліжэння краін-партнёраў да еўрапейскіх стандартаў жыцця ва ўсіх сферах. Пры гэтым гандлёва-эканамічнае развіццё краін-партнёраў не можа быць аддзеленае ад сацыяльна-палітычнага і гуманітарнага вымярэння еўрапейскіх стандартаў, у тым ліку ў сферы выканання правоў чалавека.
З улікам гэтага мы канстатуем, што на дадзены момант праграма Усходняга Партнёрства далёка не ў поўнай меры рэалізуе свой патэнцыял да паляпшэння становішча з правамі чалавека на Еўрапейскім Усходзе. Нас непакоіць, што за час дзеяння праграмы назіраецца падзел краін на тыя, дзе еўрапейскія стандарты правоў чалавека ўкараняюцца, і тыя, дзе адбываецца рэгрэс у сферы правоў чалавека.
На жаль, менавіта да апошняй групы краінаў адносіцца і Беларусь. Аптымізм, які мы мелі на старце праграмы, у значнай ступені не спраўдзіўся. Асабліва падарвалі патэнцыял Усходняга Партнёрства падзеі часоў выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года, калі хваля рэпрэсій парушэнняў правоў чалавека фактычна заблакавала магчымасці дыялогу Еўропы і афіцыйнага Мінску. У выніку Беларусь толькі намінальна ўдзельнічае ва Усходнім Партнёрстве, не дэманструючы дзеянняў і палітычнай волі з боку ўрада.
Віну за зрыў дыялогу і нерэалізаванасць патэнцыялу Усходняга Партнёрства для Беларусі мы ўскладаем на палітычнае кіраўніцтва краіны. Наяўнасць у краіне палітвязняў разам з іншымі грубымі парушэннямі правоў чалавека робіць немагчымым рэальны і прадуктыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве.
Мы вітаем паглыбленне інтэграцыі Еўрапейскага звязу з краінамі-партнёрамі, у тым ліку заключэнне дамоваў пра асацыяцыю і пра паглыбленую і ўсеабдымную зону вольнага гандлю. Асабліва нас цешыць і натхняе пазітыўны досвед нашай суседкі Украіны, які дэманструе рэальнасць еўрапейскага выбару для блізкага беларусам народа.
Разам з тым мы перакананыя, што правы чалавека не могуць быць прадметам гандлю. Устойлівае развіцце і мадэрнізацыя нашай краіны немагчымыя без дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека з боку ўраду.
У гэтай сувязі мы заклікаем удзельнікаў Саміту прыкласці намаганні да заахвочвання ўрада Беларусі зняць тыя перашкоды, якія робяць немагчымым паўнавартасны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве.
У першую чаргу з шэрагу такіх крокаў мы бачым неадкладнае і безумоўнае вызваленне палітычных вязняў, іх аднаўленне ў правах.Далейшае прасоўванне Беларусі ў накірунку рэформаў і набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах мы бачым магчымым праз узаемавыгадную рэалізацыю Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі на аснове паўнапраўнага і роўнага ўдзелу ўрада і грамадзянскай супольнасці краіны ў супрацоўніцтве з ЕС. Мы разглядаем гэтую праграму як дадатковы сродак кампенсаваць адставанне нашай краіны ў межах партнёрства, у тым ліку ў накірунку палітычнай і прававой рэформаў.
Мы заклікаем краіны-партнёры не губляць увагу да гуманітарнага вымярэння супрацоўніцтва і ўлічваць пытанні правоў чалавека ў вызначэнні далейшых шляхоў развіцця Усходняга Партнёрства.
Post new comment