Зварот ІІІ Беларускага праваабарончага форуму Да саміту Усходняга Партнёрства

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, удзельнікі ІІІ Беларускага праваабарончага форуму, разглядаем праграму Усходняга Партнёрства як сродак набліжэння краін-партнёраў да еўрапейскіх стандартаў жыцця ва ўсіх сферах. Пры гэтым гандлёва-эканамічнае развіццё краін-партнёраў не можа быць аддзеленае ад сацыяльна-палітычнага і  гуманітарнага вымярэння еўрапейскіх стандартаў, у тым ліку ў сферы выканання правоў чалавека.

З улікам гэтага мы канстатуем, што на дадзены момант праграма Усходняга Партнёрства далёка не ў поўнай меры рэалізуе свой патэнцыял да паляпшэння становішча з правамі чалавека на Еўрапейскім Усходзе. Нас непакоіць, што за час дзеяння праграмы назіраецца падзел краін на тыя, дзе еўрапейскія стандарты правоў чалавека ўкараняюцца, і тыя, дзе адбываецца рэгрэс у сферы правоў чалавека.

На жаль, менавіта да апошняй групы краінаў адносіцца і Беларусь. Аптымізм, які мы мелі на старце праграмы, у значнай ступені не спраўдзіўся. Асабліва падарвалі патэнцыял Усходняга Партнёрства падзеі часоў выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года, калі хваля рэпрэсій парушэнняў правоў чалавека фактычна заблакавала магчымасці дыялогу Еўропы і афіцыйнага Мінску. У выніку Беларусь толькі намінальна ўдзельнічае ва Усходнім Партнёрстве, не дэманструючы дзеянняў і палітычнай волі з боку ўрада.

Віну за зрыў дыялогу і нерэалізаванасць патэнцыялу Усходняга Партнёрства для Беларусі мы ўскладаем на палітычнае кіраўніцтва краіны. Наяўнасць у краіне палітвязняў разам з іншымі грубымі парушэннямі правоў чалавека робіць немагчымым рэальны і прадуктыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве. 

Мы вітаем паглыбленне інтэграцыі Еўрапейскага звязу з краінамі-партнёрамі, у тым ліку заключэнне дамоваў пра асацыяцыю і пра паглыбленую і ўсеабдымную зону вольнага гандлю. Асабліва нас цешыць і натхняе пазітыўны досвед нашай суседкі Украіны, які дэманструе рэальнасць еўрапейскага выбару для блізкага беларусам народа.

Разам з тым мы перакананыя, што правы чалавека не могуць быць прадметам гандлю. Устойлівае развіцце і мадэрнізацыя нашай краіны немагчымыя без дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека з боку ўраду.

У гэтай сувязі мы заклікаем удзельнікаў Саміту прыкласці намаганні да заахвочвання ўрада Беларусі зняць тыя перашкоды, якія робяць немагчымым паўнавартасны ўдзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве.

У першую чаргу з шэрагу такіх крокаў мы бачым неадкладнае і безумоўнае вызваленне палітычных вязняў, іх аднаўленне ў правах.Далейшае прасоўванне Беларусі ў накірунку рэформаў і набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах мы бачым магчымым праз узаемавыгадную рэалізацыю Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі на аснове паўнапраўнага і роўнага ўдзелу ўрада і грамадзянскай супольнасці краіны ў супрацоўніцтве з ЕС. Мы разглядаем гэтую праграму як дадатковы сродак кампенсаваць адставанне нашай краіны ў межах партнёрства, у тым ліку ў накірунку палітычнай і прававой рэформаў.

Мы заклікаем краіны-партнёры не губляць увагу да гуманітарнага вымярэння супрацоўніцтва і ўлічваць пытанні правоў чалавека ў вызначэнні далейшых шляхоў развіцця Усходняга Партнёрства.

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку