Нашы праекты
1. Праграма "Вольная адукацыя" (студэнты, асьпіранты, магістранты)
Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасьці “Камітэту абароны рэпрэсаваных” – гэта абарона акадэмічных свабодаў. Праблема гэтая найбольш востра паўстала падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 г., калі дэмакратычную моладзь масава выключалі з унівэрсытэтаў, беспадстаўна пазбаўлялі бясплатнага навучаньня, стваралі іншыя праблемы з навучаньнем.
Камітэт імкнецца даць такой моладзі магчымасьць атрымаць адукацыю ў краінах, якія праявілі салідарнасьць з дэмакратычнай Беларусьсю. Пачаўся цэлы шэраг праграмаў, падтрыманых на дзяржаўным узроўні ў Польшчы, Чэхіі, Галяндыі, Украіне, Славаччыне, Летуве, Румыніі, Латвіі, Эстоніі. Праграмы, накіраваныя на абарону акадэмічных свабодаў, рэалізуюцца Камітэтам таксама ў Нямеччыне й Францыі.
Акрамя таго, ажыцьцяўляецца падтрымка студэнтаў-палітвязьняў – зьняволеныя студэнты маюць магчымасьць дыстанцыйнага навучаньня ў замежных ВНУ.
Між іншым, “Камітэт абароны рэпрэсаваных” зьвярнуў увагу й на такі сродак уціску студэнтаў, як беспадстаўны перавод маладых грамадзкіх актывістаў зь бясплатнага навучаньня на платнае й пазбаўленьне актыўных студэнтаў інтэрнату. У такіх выпадках Камітэт таксама аказвае дапамогу рэпрэсаваным пры падтрымцы саміх жа беларусаў.
2. Праграма працаўладкаваньня
Пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2006 г., мясцовых выбарах 2007 г. вялікая колькасць актывістаў страціла працу. Праграма дзейнічае як унутры краіны, так і за мяжой. Напрыклад, у Польшчы праграма была падтрыманая будаўнічымі фірмамі, і, што важна, будаўнікі атрымліваюць там цалкам легальны статус працы. Падтрымку па Праграме працаўладкаваньня атрымоўваюць прадстаўнікі самых розных спэцыяльнасьцяў: ад праграмістаў да выкладчыкаў.
3. Мэдычная дапамога
Беларускія мэдыкі імкнуцца зьменшыць наступствы перанесеных фізычных і псыхалягічных траўмаў, аказаць мэдычную дапамогу сем'ям і родным пацярпелых, якія перанесьлі вялікі стрэс. Для пацярпелых ад рэпрэсіяў прадугледжваецца правядзеньне абсьледваньняў стану здароўя. Бацькам рэпрэсаваных прапануецца накіраваньне ў санаторый для праходжаньня курсу мэдычнай рэабілітацыі. Плянуецца арганізоўваць летнікі па псыхалягічнай рэабілітацыі, ладзіць кансультацыі мэдыкаў.
4. Матэрыяльная падтрымка
Матэрыяльная дапамога аказваецца звольненым з працы актывістам, пацярпелым малазабясьпечаным і шматдзетным сем'ям, адзінокім бацькам, якія выхоўваюць дзяцей, бацькам-інвалідам. Дапамога прадастаўляецца студэнтам, якія ня могуць пакрыць кошты платнага навучаньня, а таксама пазбаўленым інтэрнату за праяўленьне грамадзянскай пазыцыі. Дзякуючы салідарнасьці саміх жа беларусаў мы можам падтрымаць такіх людзей.
5. Праграма "Салідарныя бацькі"
забясьпечвае згуртаваньне бацькоў палітвязьняў, моладзевых актывістаў і студэнтаў, якія навучаюцца ў замежных ВНУ, з мэтай узаемадапамогі, маральнай падтрымкі й абароны моладзі ад рэпрэсіяў, перасьледу й затрыманьняў.
6. Праграма "Адкрытая Эўропа"
50 сем'яў зь Беларусі змогуць наладзіць кантакты зь сем'ямі ў Польшчы й іншых краінах з мэтай пашырэньня сяброўства, атрыманьня маральнае падтрымкі й матэрыяльнае дапамогі.
7. Праграма "Беларус – грамадзянін сусьвету"
прапануе беларусам, якія трапляюць за мяжу, распавесьці пра ўмовы пражываньня й навучаньня беларускае моладзі ў Эўропе. З Варшавы й Парыжу, Прагі й Вільні ідуць лісты на Радзіму. У замежжы беларускія студэнты ўсталёўваюць кантакты з студэнцкімі й моладзевымі арганізацыямі, удзельнічаюць у навуковай працы.
8.Праграма "Дзеці дысыдэнтаў"
прадугледжвае летні адпачынак у замежных краінах і дапамогу дзецям, бацькі якіх церпяць на Радзіме праз перасьлед, звальненьні з працы й іншыя матэрыяльныя й псыхалягічныя цяжкасьці.
9. Праграма "Апека"
плянуе агарнуць клопатам шаноўных пісьменьнікаў і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, на якіх забылася дзяржава.
10. Праграма "Віншаваньне"
нагадвае пра тое, што ні на кога з дэмакратычных актывістаў не забыліся й кожнага мы шануем.
11.Інфармацыйная кампанія "Салідарнасьць"
ставіць на мэце пашырэньне інфармаваньня беларускіх і замежных журналістаў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, распавядае пра акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі й іх сем'ямі.
12. Сайт www. salidarnasc. org
прапануе асноўныя блёкі інфармацыі пра сумесныя салідарныя дзеяньні ў нашай краіне.
13. "Чорны сьпіс", які будуць складаць праваабаронцы й юрысты, зафіксуе імёны супрацоўнікаў міліцыі, КДБ, якія чынілі расправы над моладзьдзю й палітзьняволенымі, рэктараў ВНУ, якія выключалі студэнтаў з унівэрсытэтаў і выганялі выкладчыкаў з працы.