Пра нас
Прывітаньне, шаноўныя сябры !
“Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” быў скліканы 5 красавіка года, адразу ж пасьля вясновых падзеяў 2006 года. У сакавіку беларусы даказалі, што яны хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай і гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць асабістым дабрабытам, свабодай, нават жыцьцём. Рэжым зрэагаваў на мірны пратэст людзей супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў хваляй рэпрэсіяў. Столькі рэпрэсаваных за адзін тыдзень – больш за 1000 чалавек – нашая краіна ў сваёй сучаснай гісторыі яшчэ ня бачыла! У Менску былі перапоўненыя турмы, моладзь выключалі з унівэрсытэтаў, актывістаў пазбаўлялі працы. Таму вядомыя праваабаронцы, грамадзкія дзеячы і проста неабыякавыя людзі з тых, хто арганізоўваў дыжуры пад сьценамі Акрэсьціна і Жодзіна, сабраліся на нараду й вырашылі працаваць разам, каб абараніць ад наступу рэжыму сяброў дэмакратычнага руху.
Галоўная задача Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” – разбурыць страх у беларускім грамадзтве. Сёньняшняя ўлада спрабуе пры дапамозе ціску, запалохваньняў і рэпрэсіяў пазбавіць нас вольнай думкі, зрабіць з нас маўклівых рабоў. Але немагчыма вынішчыць у чалавека жаданьне Свабоды і пачуцьцё асабістай годнасьці!
Таму ўсе праграмы, якія рэалізуе Камітэт “Салідарнасьць”, накіраваныя на падтрымку тых, хто падняў галаву, не пабаяўся сказаць праўду, на падтрымку самых мужных, моцных духам і таму найбольш пацярпелых ад рэпрэсіяў рэжыму. Беларускія людзі павінны ведаць – якія б рэпрэсіі ні выдумляў рэжым, як бы ні запалохваў – мы разам і не дамо зьдзеквацца зь лепшых сыноў і дачок нашага народу.
Ніхто не застанецца без абароны!
Чым мы ганарымся:
Салідарнасьцю беларусаў. Хто сказаў, што для беларуса галоўны лёзунг “мая хата з краю”? За тыя месяцы, што працуе Камітэт “Салідарнасьць”, мы пераканаліся, што ў нашым грамадзтве большасьць людзей чуйныя, ахвярныя і неабыякавыя да чужога болю. Яны зьбіраюць перадачы ў турмы для палітвязьняў, пішуць лісты падтрымкі самім пацярпелым ад рэпрэсіяў і іх родным, апякуюцца хворымі і зьбітымі, стаяць моцным ланцугом пад вокнамі судовых будынкаў, каб падтрымаць дух зьняволеных. Штодня большая частка людзей, якія зьвяртаюцца да нас, прапануе сваю дапамогу іншым.
Сапраўдныя грамадзяне Беларусі ведаюць, што такое салідарнасьць і гатовыя яе выказаць!
Салідарнасьцю іншых краінаў. Вясна 2006 году паказала сьвету, што ёсьць такая краіна – Беларусь і ёсьць такі народ – беларусы. Дзяржавы замежных краінаў, навучальныя ўстановы, прэса і проста неабыякавыя грамадзяне працягнулі руку дапамогі беларускім змагарам за дэмакратыю й свабоду. Замежныя краіны прапанавалі месцы для навучаньня студэнтам, магістрантам і асьпірантам, якіх у роднай краіне пазбавілі права на адукацыю. Нашых спэцыялістаў, якія ня маюць мажлівасьці ўладкавацца на працу, прынялі на стажыроўкі па іх спэцыяльнасьці. Тым, хто страціў працоўнае месца за ўдзел у дэмакратычным руху, прапануюць часовае працаўладкаваньне.
І самае галоўнае – пра Беларусь, якая нястомна змагаецца за свабоду, пішуць, пра яе распавядаюць з экранаў тэлевізараў як у краінах Эўразьвязу, так і ўва ўсім сьвеце.
Простыя грамадзяне зь іншых краінаў гатовыя пасябраваць зь сем’ямі рэпрэсаваных у Беларусі і падтрымаць нас у нашай барацьбе.
Гэта няпраўда, што на беларусаў нідзе не чакаюць! Мы эўрапейскі народ і Эўропа шчыра выказвае нам сваю салідарнасьць і падтрымку.
Нашымі сябрамі. У нас шмат сяброў. Мы сябруем з актывістамі з розных гарадоў і мястэчак Беларусі. Сябруем з прадстаўнікамі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Мы сябруем з студэнтамі і моладзьдзю – з тымі, хто сёньня вымушаны зьехаць у замежжа, і з тымі, хто змагаецца ў Беларусі. Мы сябруем з бацькамі і роднымі гэтых студэнтаў, бацькамі і роднымі палітычных зьняволеных.
Мы сябруем з нашымі партнэрамі ў іншых краінах – з тымі, хто дапамагае нам аказваць падтрымку рэпрэсаваным. Гэта рэктары і выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, прадстаўнікі фірмаў, сябры грамадзкіх арганізацыяў, журналісты, вернікі розных канфэсіяў і проста неабыякавыя людзі.
Разумны шукае сяброў, а дурань стварае ворагаў.
У нас шмат сяброў. Мы моцныя імі.
Працай Камітэту “Салідарнасьць” У нашай камандзе неабыякавыя, самаадданыя і кампэтэнтныя людзі. Яны гатовыя ахвяраваць сваім часам і адпачынкам, каб дапамагаць рэпрэсаваным людзям . Мы штодня сутыкаемся з болем, мы штодня дапамагаем вырашаць праблемы. Але нам пашчасьціла, бо рэпрэсаваныя змагары – гэта мужныя і моцныя духам людзі, аптымісты, у якіх гараць вочы. Мы кожнага дня падсілкоўваемся ад іх гэтай энэргіяй веры ў перамогу – і нашая ўласная вера ўзмацняецца.
Мы верым, што перамога непазьбежная, як сьвітанак. Мы верым, што за намі праўда і час Свабоды блізкі.
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!
<!-- END MAIN APPLICATION CONTENT -->