Ашмянскі суд прызнаў кнігу Алеся Бяляцкага забароненай
11 лютага ў судзе Ашмянскага раёна суддзя Таццяна Емельяновіч агучыла рашэнне па выніках разгляду грамадзянскай справы сябры ПЦ «Вясна» Таццяны Равякі супраць Ашмянскай мытні. Праваабаронца падавала ў суд пазоў з нагоды забароны мытнікаў на ўвоз на тэрыторыю Беларусі кнігі літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага.
Пасля дзвюх “экспертыз” выдання мытнікі запатрабавалі ад Таццяны Равякі рээкспартаваць 40 асобнікаў, канфіскаваныя ў яе на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыю Літвы, дзе была выдадзена кніга.
10 лютага грамадзянская справа разгледжана ў судзе. Паводле агучанага сёння судовага рашэння, скарга Таццяны Рэвяка не задаволена.
Як распавяла праваабаронца, у судовым рашэнні яна не знайшла нічога ўцямнага і напісала заяву на атрыманне матывацыйнай часткі.
Пакуль жа сваю матывацыю суддзя Таццяна Емельяновіч патлумачыла на словах:
- Суддзя сказала, што прызнае экспертызы па кнізе непрымальнымі, але прыняла іх да ўвагі як меркаванне спецыялістаў. Рашэнне яна прымала сыходзячы з унутраных перакананняў. У выніку кніга забаронена, - распавяла Таццяна Рэвяка. – Але сам факт, што экспертызы прызнаныя непрымальнымі, вельмі паказальны. Гэта пацвярджае, што Ашмянская мытня парушала закон.
На гэтых парушэннях Таццяна Равяка акцэнтавала ўвагу суддзі падчас свайго выступу 10 лютага:
- 3-га верасня я атрымала чарговае паведамленне з Ашмянскай мытні, дзе ўказвалася, што экспертыза праведзена ЭКСПЕРТНАЙ КАМІСІЯЙ у складзе супрацоўнікаў Гродзенскага ўніверсітета – Ягорычава Уладзіміра і Хілюты Вадзіма. Хацела б задаць пытанне прадстаўнікам Ашмянскай мытні: “Хто гэтыя людзі ў дадзенай справе? Якім чынам яны тут з’явіліся? Хто ім даручаў правядзенне мытнай экспертызы, калі такім правам надзелены толькі мытныя органы? Хто іх папярэджваў і ці папярэджваў увогуле пра адказнасць за дачу ілжывага заключэння?.. … У прызначэнні і правядзенні экспертызы былі дапушчаны яшчэ шэраг парушэнняў, якія падрабязна выкладзены ў маёй скарзе… Дадзеныя парушэнні былі абскарджаны мной у Дзяржаўным мытным камітэце, адкуль атрымала паведамленне пра даручэнне Ашмянскай мытні правесці паўторную экспертызу. З вынікамі дадзенай экспертызай я змагла азнаёміцца толькі пасля папярэдняга судовага паседжання, яна таксама была даслана мне з Ашмянскай мытні згодна з маім запытам.
…На якой падставе выносіцца Ашмянскай мытняй рашэнне аб унясенні кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” у пералік тавараў, да якіх ужываецца забарона ці абмежаванне на ўвоз згодна з Раздзелам 1.3 адпаведнага пераліку? Да якой катэгорыі з пералічаных у дадзеным пераліку (парнаграфічных, экстрэмісцкіх, тэрарыстычных, нацысцкіх ці нейкіх іншых) адносіцца інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў выданні? Я з усёй адказнасцю магу заявіць, што да ніводнай з пералічаных катэгорый кніга Алеся Бяляцкага не адносіцца. І самае галоўнае: што ў такім выпадку стала падставай для прыняцця рашэння пра рээкспарт кнігі? Адказаў на гэтыя пытанні я так і не атрымала. А яны з’яўляюцца вызначальнымі для прыняцця рашэння па дадзенай справе. І я ўпэўненая, што дапучшаныя парушэнні пры ажыццяўленні экспертыз, а таксама іх высновы робяць іх абсалютна юрыдычна нікчэмнымі і не могуць класціся ў аснову рашэння аб рээкспарце.
Юрыст Павел Сапелка, які прадстаўляў інтарэсы Таццяны Равякі ў судзе, паведаміў, што рашэнне суддзі Таццяны Емельяновіч, паколькі з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, будзе абскарджана ў касацыйным парадку ў Гродзенскім абласным судзе.
Паводле "Твой Стыль".
Post new comment