Фільм пра каханне палітвязняў перамог на прэстыжным польскім кінафестывалі

Галоўную ўзнагароду 2-га фэстывалю «Мастацтва факту» ў катэгорыі «дакументальны фільм» атрымаў фільм «Каханне па-беларуску», які для тэлеканалу «Белсат» знялі рэжысэры Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі.

Фэстываль адбыўся ў горадзе Торунь. Ён з’яўляецца месцам сустрэчы знаных рэпартэраў, рэжысэраў, драматургаў, якія ствараюць рэпартажы, дакумэнтальныя фільмы і тэатральныя спэктаклі на падставе сапраўдных падзей. Сёлетняя імпрэза адбывалася пад лозунгам «25 гадоў свабоды». Таму асаблівае месца ў праграме фэстывалю займалі рэпартажы і фільмы пра падзеі ад пачатку «Салідарнасці» праз выбары першага некамуністычнага ўраду ў Польшчы, падзенне Берлінскага муру і аж да апошніх падзей ва Ўкраіне.

На конкурс былі прадстаўленыя 107 прац з усіх каналаў Польскага грамадзкага тэлебачання — Польскай тэлевізіі. Папярэдняе журы выбрала з іх 36 рэпартажаў і фільмаў для ўдзелу ў фінале. Яны былі паказаныя ў Торуні. Журы на чале з выбітнай польскай кінадакументалісткай Марыяй Эльжбэтай Змарз-Качановіч і прысудзіла галоўны прыз белсатаўскаму фільму. Гэтая сенсацыя фэстывалю была горача падтрымана публікай і польскімі творцамі на цырымоніі закрыцця фэстывалю. Бурнымі авацыямі зала вітала рэжысэраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілу, іх лаўрэацкія прамовы.

«Гэта вельмі важная і прынцыповая перамога і для нас з Андрэем, і для тэлеканалу „Белсат“, — сказаў Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі. — Па-першае, яна атрыманая ў канкурэнцыі з творцамі вельмі аўтарытэтнага ў свеце польскага дакумэнтальнага кіно. Па-другое, яна засведчыла высокі ўзровень кінадакумэнталістыкі каналу „Белсат“. Па-трэцяе — гэтая прэмія даказвае, што ў Беларусі насуперак волі рэжыму жыве і развіваецца дакумэнтальнае кіно без цэнзуры, якое адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасць для наступных пакаленняў. І самае галоўнае — гэтая прэмія яшчэ і факт салідарнасці польскіх творцаў з беларускімі палітвязнямі».

Узнагарода на фэстывалі «Мастацтва факту» ў польскім горадзе Торунь стала першай для фільма «Каханне па-беларуску». У яго аснове — гісторыя пераможнага кахання праз турэмныя краты змагароў за свабоду Беларусі Насты і Змітра Дашкевічаў. Прэм’ера фільма адбылася на «Белсаце» напярэдадні Калядаў — 24 снежня 2013 году. Стужка ўжо дэманстравалася і на некаторых іншых каналах Польскай тэлевізіі. «Белсат» таксама плануе прадставіць фільм на адборачныя конкурсы шэрагу міжнародных фэстываляў.

 

 

паводле Радыё Свабода

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.