Фільм пра каханне палітвязняў перамог на прэстыжным польскім кінафестывалі
Галоўную ўзнагароду 2-га фэстывалю «Мастацтва факту» ў катэгорыі «дакументальны фільм» атрымаў фільм «Каханне па-беларуску», які для тэлеканалу «Белсат» знялі рэжысэры Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі.
Фэстываль адбыўся ў горадзе Торунь. Ён з’яўляецца месцам сустрэчы знаных рэпартэраў, рэжысэраў, драматургаў, якія ствараюць рэпартажы, дакумэнтальныя фільмы і тэатральныя спэктаклі на падставе сапраўдных падзей. Сёлетняя імпрэза адбывалася пад лозунгам «25 гадоў свабоды». Таму асаблівае месца ў праграме фэстывалю займалі рэпартажы і фільмы пра падзеі ад пачатку «Салідарнасці» праз выбары першага некамуністычнага ўраду ў Польшчы, падзенне Берлінскага муру і аж да апошніх падзей ва Ўкраіне.
На конкурс былі прадстаўленыя 107 прац з усіх каналаў Польскага грамадзкага тэлебачання — Польскай тэлевізіі. Папярэдняе журы выбрала з іх 36 рэпартажаў і фільмаў для ўдзелу ў фінале. Яны былі паказаныя ў Торуні. Журы на чале з выбітнай польскай кінадакументалісткай Марыяй Эльжбэтай Змарз-Качановіч і прысудзіла галоўны прыз белсатаўскаму фільму. Гэтая сенсацыя фэстывалю была горача падтрымана публікай і польскімі творцамі на цырымоніі закрыцця фэстывалю. Бурнымі авацыямі зала вітала рэжысэраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілу, іх лаўрэацкія прамовы.
«Гэта вельмі важная і прынцыповая перамога і для нас з Андрэем, і для тэлеканалу „Белсат“, — сказаў Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі. — Па-першае, яна атрыманая ў канкурэнцыі з творцамі вельмі аўтарытэтнага ў свеце польскага дакумэнтальнага кіно. Па-другое, яна засведчыла высокі ўзровень кінадакумэнталістыкі каналу „Белсат“. Па-трэцяе — гэтая прэмія даказвае, што ў Беларусі насуперак волі рэжыму жыве і развіваецца дакумэнтальнае кіно без цэнзуры, якое адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасць для наступных пакаленняў. І самае галоўнае — гэтая прэмія яшчэ і факт салідарнасці польскіх творцаў з беларускімі палітвязнямі».
Узнагарода на фэстывалі «Мастацтва факту» ў польскім горадзе Торунь стала першай для фільма «Каханне па-беларуску». У яго аснове — гісторыя пераможнага кахання праз турэмныя краты змагароў за свабоду Беларусі Насты і Змітра Дашкевічаў. Прэм’ера фільма адбылася на «Белсаце» напярэдадні Калядаў — 24 снежня 2013 году. Стужка ўжо дэманстравалася і на некаторых іншых каналах Польскай тэлевізіі. «Белсат» таксама плануе прадставіць фільм на адборачныя конкурсы шэрагу міжнародных фэстываляў.
паводле Радыё Свабода
Пакінуць новы каментар