Улады забараняюць пікеты ў падтрымку Украіны
Заяўнікі адзіночных пікетаў салідарнасці з Украінай каля расійскай амбасады ў Мінску пачалі атрымліваць адказы з гарвыканкама.
Адказы абсалютна аднолькавыя. У іх напісана, што “заява не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5, 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. У сувязі з гэтым, Мінгарвыканкам не дазваляе правядзенне пікетавання каля амбасады Расіі на адлегласці больш за 50 м ад будынка.
Падпісвае лісты актывістам намеснік старшыні гарвыканкама, адказны за ідэалогію, старшыня Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка.
Сэнс ініцыяванай актывістамі “каруселі пікетаў” у падтрымку Украіны ў тым, каб неабыякавы да лёсу Украіны чалавек падаў у Мінгарвыканкам ад свайго імя заяўку на адзіночны пікет каля расійскай амбасады. Заяўкі мусяць падавацца паслядоўна на розныя дні рознымі людзьмі. Вядома, што яны як правіла не задавальняюцца, але верагодна грамадскі ціск паспрыяе фарміраванню ва ўрадзе больш незалежнай ад расійскага боку пазіцыі адносна падзей ва Украіне і палітыцы Расіі.
Выніковасць акцыі залежыць ад актыўнасці кожнага. Кампанію ўжо падтрымалі некаторыя актывісты і блогеры. Ініцыятары каруселі пікетаў заклікаюць далучацца да кампаніі як мага большае кола неабыякавых людзей і не менш чым за два тыдні да акцыі падаваць індывідуальныя заявы на адзіночныя пікеты ў Мінгарвыканкам.
Распрацаваны сумесна з праваабаронцамі спецыяльна для гэтага выпадку бланк заявы можна атрымаць па адрасе: Чарнышэўскага, 3 (сядзіба ПБНФ), а таксама спампаваць тут.
Post new comment