Гарадзенскія журналісты прынялі зварот супраць пераследу калегаў
Зварот складзены і прыняты на сходзе гарадзенскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яго падпісалі два дзесяткі чалавек. Дакумент накіраваны ў Генпракуратуру і абласную пракуратуру.
Падставай стаў чарговы адміністрацыйны працэс супраць журналіста Андрэя Мялешкі, якога па выніках судовага разбіральніцтва аштрафавалі на больш за 5 мільёнаў рублёў .
“Я магу згадаць, што гэта не першы зварот. Былі іншыя журналісты, з нагоды якіх мы прымалі падобныя звароты. Вядома, што афіцыйныя органы звычайна даюць адпіскі. Але проста такая сітуацыя, што мы вымушаны звяртацца, паколькі выпадкі, як з Андрэем Мялешкам, не першыя, яны ўвесь час перыядычна паўтараюцца. І два гады назад былі, і тры гады,” – кажа ўдзельнік сходу, журналіст Сяргей Астраўцоў.
"Караць журналістаў за свабоду слова – гэта беззаконнае дзеянне. Мы ніколі не навучымся жыць сучасна, калі будзем замоўчваць парушэнні, тыя, якія дапускаюць нашыя чыноўнікі, дзяржава. Канстытуцыя нам дае права выказвацца і распаўсюджваць інфармацыю", – мяркуе Анатоль Макушын, удзельнік сходу сяброў БАЖу ў Гародні.
У тэксце звароту сказана: “Мы заяўляем пра неправамернасць пераследу рэпарцёраў, чые імёны і матэрыялы з’яўляюцца ў замежных СМІ. Ціск на такіх журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі”.
Сябры БАЖу нагадваюць, што артыкул, на які спасылаюцца супрацоўнікі сілавых структураў, не прадугледжвае адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі і патрабуюць, каб адміністрацыйны пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць быў спынены, а ўпаўнаважаныя чыноўнікі вынеслі пратэсты на судовыя рашэнні, што былі абвешчаныя ў дачыненні журналістаў Алеся Залескага, Алеся Дзянісава, Андрэя Мялешкі.
Post new comment