Праваабаронцы заклікаюць да салідарнасці з Паўлам Вінаградавым
Беларускія праваабаронцы заклікаюць калег, сяброў і аднадумцаў далучыцца да кампаніі ў падтрымку грамадзянскага актывіста Паўла Вінаградава, а таксама іншых актывістаў, якія церпяць у выніку адвольных затрыманняў.
Дваццацішасцігадовы Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.
Зараз актывіст маладзёжнага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» знаходзіцца пад арыштам. 9 кастрычніка суд Маскоўскага раёна Мінска чарговым разам прыгаварыў яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, нагадвае "Наша Ніва"
Праваабаронцы, як паведаміў намеснік старшыні ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч 15 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, зафіксавалі 16 выпадкаў затрымання Вінаградава пасля вызвалення з калоніі. Пятнаццаць з іх закончыліся адміністрацыйнымі арыштамі ад 5 да 25 сутак, што сумарна складае 165 сутак — фактычна пяць з паловай месяцаў. З іх на гэты год, уключаючы цяперашні арышт, выпалі 65 сутак зняволення.
Як мы пісалі раней, 9 кастрычніка ў дачыненні да Вінаградава было зладжана трайное судзілішча, якое надоўга паставіла чорную пляму на беларускай судовай сістэме.
Паводле слоў Стэфановіча, «прыклад Вінаградава з'яўляецца сведчаннем рэпрэсіўнасці ўладаў у дачыненні да іншадумцаў, а таксама пацвярджае прававую несправядлівасць у беларускай дзяржаве».
«Мяне заўсёды ўражвае, наколькі Павел чалавек вясёлы і пазітыўны, нягледзячы на тое што фактычна жыве ў турме. Не разумею, як ён усё гэта вытрымлівае, — сказаў Стэфановіч. — Тое, што адбываецца вакол Вінаградава, сведчыць пра карозію судовай сістэмы Беларусі. Мне вельмі сорамна за гэтых людзей, за тое, што яны робяць».
Праваабаронца звярнуўся да грамадскасці з просьбай падтрымаць заклік да спынення адвольных затрыманняў у Беларусі.
Каб далучыцца да кампаніі, паведаміў Стэфановіч, можна сфатаграфавацца з партрэтам Вінаградава і выкласці здымак у сацыяльных сетках; выказаць сваё меркаванне наконт гэтай праблемы; запісаць відэа ў падтрымку актывіста і выкласці яго ў сацсеткі з тэгам #freeVinagradau; даслаць яму паштоўку салідарнасці ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску.
Вельмі важна неабыякавым грамадзянам аб'яднацца і выказаць рашучы пратэст супраць недапушчальнага ў цывілізаваным грамадстве свавольства міліцыі і судоў адносна Паўла Вінаградава, бо калі сёння прамаўчаць, заўтра беззаконне і бяспраўе можа абрынуцца на любога.
Post new comment