Трайны ўдар па Вінаградаву, які надоўга пляміць беларускую судовую сістэму
У адзін дзень 9 кастрычніка Суд Маскоўскага раёна Мінска аштрафаваў актывіста Паўла Вінаградава на 1 мільён 200 тысяч рублёў, пакараў арыштам у 15 сутак і працягнуў прэвентыўны нагляд на 1 год.
Яго звінавацілі ў тым, што ён нібыта ўчыніў дробнае хуліганства ў будынку Маскоўскага РУУС 8 кастрычніка, а таксама знаходзіўся ў нецвярозым стане ў грамадзкім месцы (тым жа РАУС). Адпаведна быў асуджаны да сутак і штрафу.
Трэба адзначыць, што Павал прыйшоў у РАУС па неабходнасці. Ён мусіў адзначыцца, бо знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам да канца кастрычніка.
Як паведамляе Радыё Свабода, у той жа дзень 9 кастрычніка адбылося трэцяе разбіральніцтва па справе Вінаградава, адносна працягу прэвэнтыўнага нагляду. Суддзя Вольга Лістраценка падоўжыла прэвентыўны нагляд на 1 год. Супраць Вінаградава сведчыў інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС Аляксандр Кур’яновіч.
Павал Вінаградаў, яго сваякі і сябры абураны дзеяннямі міліцыі. Яны лічаць, што на Паўла распачатае сапраўднае паляванне. Супраць яго фабрыкуюць адну за другой адміністратыўныя справы і для таго, каб яго зацкаваць ды прымусіць адмовіцца ад палітычнай актыўнасці, міліцыянты абсалютна непараборлівыя ў сродках. Напрыклад незадоўга да ганебнага трайнога суда 3 кастрычніка а таксакма 11 верасня Паўла пакаралі штрафамі “за незвярозы стан”. Зусім нядаўна, у жніўні, Паўла Вінаградава безпадстаўна пакаралі адміністратыўным арыштам на 10 сутак.
Вельмі важна неабыякавым грамадзянам аб'яднацца і выказаць рашучы пратэст супраць недапушчальнага ў цывілізаваным грамадстве свавольства міліцыі адносна Паўла Вінаградава, бо калі сёння прамаўчаць, заўтра пад ударам беззаконня і бяспраўя можа апынуцца любы чалавек.
Пакінуць новы каментар