Спецдакладчык ААН зноў заклікаў вызваліць палітвязняў
Беларускія ўлады павінны неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць поўную рэабілітацыю іх у грамадзянскіх і палітычных правах. Пра гэта сказана ў справаздачы спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці.
Дакумент будзе прадстаўлены 28 кастрычніка на 69-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляюць naviny.by
У дакладзе адзначаецца, што па стане на ліпень 2014 года ў турмах знаходзяцца сем палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў.
Харашці таксама рэкамендуе беларускаму ўраду гарантаваць незалежнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, ствараючы ўмовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсій.
Сярод іншых рэкамендацый:
- правесці ўсебаковы агляд беларускага заканадаўства, што датычыцца свабоды асацыяцыяў, і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі;
- адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі);
- ліквідаваць усе прававыя і адміністрацыйныя перашкоды для атрымання няўрадавымі арганізацыямі і праваабаронцамі фінансавання, у тым ліку з-за мяжы, і прывесці заканадаўства, якое рэгулюе пытанні фінансавання НДА, і практыку ў гэтай галіне ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права;
- ануляваць дыскрэцыйныя паўнамоцтвы урадавых органаў на вынясенне папярэджанняў ў дачыненні да дзейнасці НДА, на падставе якіх іх дзейнасць можа быць спынена і актывісты могуць быць пакараныя;
- зарэгістраваць праваабарончы цэнтр "Вясна" і усе НДА, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі па палітычных матывах;
- спыніць кампаніі ў дзяржаўных СМІ па дыскрэдытацыі НДА, якія крытыкуюць урад, і спрыяць аб'ектыўнаму асвятленню працы ў сферы абароны правоў чалавека;
- спыніць пераслед судовымі органамі недзяржаўных СМІ і журналістаў;
- спыніць практыку стварэння перашкодаў для НДА, якія рэалізуюць сваё права на свабоду мірных сходаў, уключаючы дэманстрацыі, пікеты і флэш-мобы, а таксама іх прыгнёту і пакарання, і перагледзець заканадаўства ў гэтай галіне, каб прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі;
- стварыць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для грамадзянскай супольнасці, уключаючы праваабаронцаў, у прыватнасці прыбраўшы перашкоды для працы НДА і актывістаў грамадзянскай супольнасці;
- забяспечваць ўсебаковую абарону НДА і праваабаронцаў ад прыгнёту, запалохвання і гвалту, забяспечваючы аператыўнае, дбайнае і транспарэнтнае расследаванне такіх дзеянняў, а таксама пераслед у судовым парадку і пакаранне асоб што іх здзяйсняюць;
- забяспечыць абаронцам правоў ЛГБТ-меншасцяў іх права на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыі, каб яны не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за ажыццяўленне гэтых правоў і не падвяргаліся пагрозе гвалту, прыгнёту, пераследу, запалохвання або дыскрымінацыі па прычыне іх сексуальнай арыентацыі;
- прыкладаць добрасумленныя намаганні для стварэння нацыянальнага ўстановы па правах чалавека ў адпаведнасці з Парыжскім прынцыпамі ў супрацоўніцтве з усімі нацыянальнымі НДА, жадаючымі выступаць у абарону правоў чалавека.
Post new comment