Што сталася са звольненымі за сваю грамадзянскую пазіцыю выкладчыкамі?
З Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за 2 гады звольнілі адразу некалькі выкладчыкаў. Працы пазбавілі нават прафесара Вячаслава Шведа. У ЕГУ праз канфлікт Сената і адміністрацыі працы пазбавіліся Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага, Павел Церашковіч ды іншыя супрацоўнікі. Настаўніцу года Алену Маслюкову звольнілі ў Светлагорску са школы ў пачатку навучальнага года.
Еўрарадыё пацікавілася, ці знайшлі педагогі новае месца працы. Звольнены з Гродзенскага ўніверсітэта Андрэй Чарнякевіч пакуль нідзе не выкладае, вучыцца на адукацыйнай праграме ў ЕC.
“Я цяпер на праграме “Erasmus”, вучуся ў дактарантуры Пазнанскага ўніверсітэта. Займаюся навукай, удзельнічаю ў канферэнцыях. Усе навуковыя напрацоўкі звязаныя з Беларуссю, у Еўропе заставацца не планую. Але займацца прафесійнай дзейнасцю ў Гродне, у Беларусі перспектываў няма. Спадзяемся на змены. У мяне ўсё больш-менш аптымістычна, а многія калегі перажываюць перыяд адаптацыі”, — апісвае Андрэй Чарнякевіч.
І прыгадвае, што пасля звальнення ў яго падтрымку адкрыта выказаўся выкладчык ЕГУ Павел Церашковіч, якога неўзабаве таксама звольнілі. Павел узначальваў Сенат ЕГУ, які ўвайшоў у канфлікт з адміністрацыяй.
“Пакуль сталай працы ў мяне няма. Былі спробы ўладкавацца па спецыяльнасці, але сутыкаешся з нефармальнай адмовай: маўляў, я ж працаваў у ЕГУ. Пакуль працую як эксперт з нідэрландскім праектам электроннай энцыклапедыі. Намеру з’язджаць з Беларусі ў мяне няма”, — дзеліцца былы старшыня Сената ЕГУ Павел Церашковіч.
Экс-сенатар ЕГУ Максім Жбанкоў спрабаваў уладкавацца ў Беларускі экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава. Але не ўзялі за “супрацоўніцтва з недзяржаўнымі СМІ”.
“Там была вакансія, і мяне нібыта былі гатовыя прыняць. Загадчыца кафедры, калі даведалася пра мяне, параіла не звяртацца да іх, бо нічога не атрымаецца. Але сферу выкладання я ніколі не разглядаў як асноўную. Была прапанова культурніцка-адукацыйнага плану, рыхтую кіналекторый на адной з мінскіх пляцовак”, — расказвае Максім Жбанкоў.
Звольненая са светлагорскай школы настаўніца года Алена Маслюкова ў адукацыі працу больш не шукае. Пакуль займаецца здароўем і разважае, у якую сферу падацца.
“Мяне ж адразу папярэджвалі, што мне тут ніхто нічога не прапануе. Мне цяпер нядрэнна без працы. Але, безумоўна, збіраюся працаваць. Думала ўладкавацца гувернанткай, але пакуль вагаюся”.
У ЕГУ праз канфлікт Сената ЕГУ і адміністрацыі працы пазбавіліся таксама старшыня прафсаюза Аляксей Крывалап і яго намеснік Канстанцін Ткачоў. У ЕГУ больш не выкладае журналістка Таццяна Мельнічук. У Гродзенскім універсітэце звольненыя Вячаслаў Швед і Андрэй Чарнякевіч. З універсітэта сышоў і выкладчык Ігар Кузьмініч.
Post new comment