Алена Маслюкова: Галоўная задача настаўніка – навучыць дзяцей думаць самастойна

Звольненая за незалежныя погляды лепшая настаўніца Светлагорскага раёна Алена Маслюкова пагадзілася на гутарку для сайта Камітэта “Салідарнасць”.

Алена Маслюкова 27 гадоў выкладала гісторыю і грамадазнаўства. Спачатку яна працавала ў школе №1 Светлагорска, а таксама ў філіі ліцэя Якуба коласа. У школе №10, адкуль яна была звольнена сёлета напачатку навучальнага года, працавала 5 гадоў. Ёй як класнаму кіраўніку нават не далі магчымасць давучыць 2 выпускных класа. Настаўніца выказвалася супраць прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газеты, вучыла самастойнасці ў поглядах і меркаваннях, з’яўляецца сябрам Партыі БНФ.

– Звальненне са школы для вас было нечаканым?

– Калі я сыходзіла на адпачынак напачатку ліпеня, мы пагаварылі з дырэктарам даволі прыязна. Яна мне нагадала, што ў вас заканчваюцца тэрміны працоўнай дамовы і мне неабходна падысці падпісаць дакументы. Праз два дні мяне выклікала сакратарка і перадала паперу, што я звольнена ў сувязі з заканчэннем тэрміна працоўнай дамовы. На яе твары таксама была разгубленасць, яна прапанавала мне падысці да дырэктара і распытаць чаму так здарылася. Але калі я прыйшла ў наступны раз у школу, дырэктарка ўхілілася ад размовы.

– Гэта рашэнне выключна дырэктара альбо на яго магло паўплываць вышэйшае начальства?

– Я не хачу альбо апраўдваць альбо вінаваціць дырэктара, але ў мяне складаецца ўражанне, што гэта не яе рашэнне. Напэўна быў пэўны ціск зверху… Чаму так думаю? На дзень настаўнікаў ужо пасля майго звальнення да мяне дамоў прыйшлі мае вучні, каб мяне павіншаваць. Яны распавялі, што дырэктарка казала ім, нібы апраўдваючыся, што ў маім звальненні не вельмі вінаватая. Калі шмат гадоў працуеш з чалавекам, ужо ведаеш, якія лексічныя формы ён ужывае. Раптам у яе лексіконе з’явіўся канцылярызм “дэструктыўныя думкі”. Гэта прыйшло аднекуль. Адкуль – ніхто не кажа. Я напісала ліст дырэктару, каб яна на падставе пагаднення паміж прафсаюзам і Мінадукацыі патлумачыла мне прычыну непрацягнення кантракту. Яна мне напісала: “у Вас было дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе заўвагі”.

А сітуацыя была такая: скончыўся навучальны год. Адбылася лінейка. Дзеці фактычна выйшлі на канікулы. Бацькі, дзеці і я паехалі на два дні за горад адпачываць. Дырэктар потым мне закідала, як вы паехалі на экскурсію без загаду школы? Але пры чым тут школа? Мяне запрасілі дзеці з бацькамі. Гэта была прыватная паездка! Дырэктарка папрасіла ўвайсці ў яе становішча і паставіць свой подпіс пад заўвагай. Напрыканцы чэрвеня дырэктар нечакана папрасіла напісаць тлумачальную… Разумееце, у іншых выпадках педагогі маюць па тры спагнання за дзень за больш сур’ёзныя парушэнні, і яны працягваюць працаваць.

– Чаму ўсё-такі на вашу думку вас звольнілі? Гэта звязана неяк з вашай прафесійнай дзейнасцю, выкладаннем гісторыі?

– Я лічу, што гэта звязана з выкладаннем майго прадмета. Усе глядзяць навіны пра Сірыю, Егіпет, пра Украіну. Яны задаюць мне пытанні. Просяць нешта патлумачыць. Я вучу іх аналізаваць інфармацыю, не ўспрымаць яе бяздумна, паважаць меркаванні іншых. Летась у кастрычніку мы з вучнямі і настаўнікамі былі на экскурсіі ў Кіеве. Усім вельмі спадабалася. Дырэктарка з гэтай прычыны была вельмі засмучана. У чэрвені паміж мной і дырэктарам была невялічкая перапалка. Я ёй сказала: “З-за такіх чыноўнікаў, як Вы ў нас не адбываюцца перамены ў жыцці”. Яна мне: “З-за такіх як Вы адбываюцца Майданы”.

– Вам неяк далі зразумець, што будуць складанасці з працаўладкаваннем у школах?

– Завуч, мая сяброўка, сказала, што абавязкова распытае дырэктара чаму ў ліпні было прынятае рашэнне пра звальненне. Яна выказала меркаванне, што хутчэй за ўсё дырэктар хоча папалохаць. Пасля размовы з дырэктарам паведаміла, што па школах можна нават не хадзіць і не запытвацца, усё вельмі сур’ёзна, што гэта нават не рашэнне горада.

– Ці ёсць якія планы па абскарджванні рашэння дырэктара?

– Абскарджваць не буду. Юрыст мне сказаў, што гэта бессэнсоўна. Сітуацыя патавая. Па першае, фармальна ўсё па Законе, па-другое, ужо тэрміны выйшлі. Хаця мае сваякі мяне падгаворвалі змагацца. Сустрэла сваю вучаніцу нядаўнюю, калі ехала ў Мінск, яна кажа: дзеці з маіх былых класаў, якія былі вельмі дружныя, зараз вельмі засмучаныя, класы, якія вельмі сябравалі, разышліся. Адзін вучань 11-га класа прынцыпова сышоў са школы ў іншую. Чаму так адбываецца? Мабыць узровень сённяшняга класнага кіраўніцтва не зусім адпавядае.

– Што Вы зараз збіраецеся рабіць?

– Шукала ў інтэрнэце працу гувернанткі ў Маскве. Але, шчыра кажучы, не вельмі ў Расію хачу ехаць. Магчыма займуся рэпецітарствам. Трэба падумаць.

– За якія заслугі альбо якасці Вас, на вашу думку, узнагародзілі званнем “Настаўнік года” ў лютым 2014 года?

– Кожная школа абавязана прадставіць па адным настаўніку, якія змагаюцца паміж сабой у раёне. Потым пераможца едзе на абласны конкурс. Дырэктар заўсёды казала, што я вельмі харызматычная асоба, добра ўмею выступаць, трымацца на публіцы. Накіравалі на конкурс мяне. Спачатку настаўнік робіць відэапрэзентацыю пра сябе, 2-і этап – расцпрацоўка плана-канспекта ўрока, 3-і этап – правядзенне ўрока ў чужой школе, 4-і этап – выступ на сцэне ў палацы культуры (выступаюць, выконваюць розныя заданні, вырашаюць педагагічныя сітуацыі пяць фіналістаў). Я выйшла на першае месца. Мне наканавана было ехаць на абласны конкурс у Гомель, хаця я і не дужа хацела. Я мусіла запаўняць анкету, а там графа “партыйная прыналежнасць”. Я напісала – сябра Партыі БНФ… Ад Светлагорскага раёну на конкурс так ніхто і не паехаў.

– Якім на вашу думку павінен быць настаўнік?

– Маё меркаванне такое: ёсць пэўныя дзяржаўныя праграмы, але яны не павінны з’яўляцца догмай. Галоўная задача настаўніка – навучыць дзяцей думаць самастойна, акунуцца ў сітуацыю і выплыць з яе. А як можна гэта зрабіць, калі я буду навязваць свой альбо афіцыйны пункт гледжання. Настаўнік мусіць быць аўтарытэтным таксама. Аўтарытэт трэба заслужыць. Я выпадкова сустрэла свайго вучня былога. Ён чуў розгалас пра сітуацыю са мной, спытаў: “Што там у Вас адбылося, Алена Аляксандраўна?” “Кажуць, што я Майдан арганізавала”. “Ого! Каб мне такое сказалі, я б хадзіў самым шчаслівым чалавекам”. Вучні павінны ўмець крытычна мысліць. Чаму можа навучыць настаўнік, які бяздумны выканаўцы чужой волі і ні на крок у бок? Ці будзе ён сам сябе паважаць?


 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку