Павел Вінаградаў з’язджае з Мінска, каб не стаць “паліталкаголікам”
Актывіст апазіцыі Павел Вінаградаў, вядомы частымі затрыманнямі і суткамі арышту, вырашыў пераехаць да бацькі ў Беразіно. Асноўная прычына — пагроза трапіць у Лячэбна-працоўны прафілакторый.
“Ёсць палітзняволеныя, ёсць палітпрызыўнікі, а я вось быў бы першым паліталкаголікам”, — расказвае Павел Вінаградаў у гутарцы з Еўрарадыё.
Актывіст ужо мае тры адміністрацыйныя арышты за “стан алкагольнага ап’янення”. Цяпер яны абскарджваюцца, аднак у пазітыўны для сябе вынік Вінаградаў не верыць. У выніку праваахоўнікі змогуць атрымаць магчымасць адправіць яго на медыцынскае абследаванне ў ЛПП, а потым пасля першага ж пратакола “за п’янку” актывіст увогуле можа стаць кліентам гэтай медыцынска-папраўчай установы.
“Лібералізацыі ў нас пад выбары 2015 года не прадбачыцца. Таму я думаю, што лепш з’ехаць. У ЛПП я не хачу”, — гаворыць Вінаградаў, які працягваў жыць у сталіцы, нягледзячы на затрыманні і намёкі аб тым, што яму варта з’ехаць.
У Мінску Павел прабудзе яшчэ каля двух тыдняў. Чым зоймецца ў Беразіне, пакуль не ведае. На добры заробак там разлічваць не прыходзіцца.
“У мяне ёсць тры хадавыя рабочыя спецыяльнасці — цырульнік, слесар і зваршчык. Але нават калі мне моцна пашанцуе, то я ў Беразіно буду зарабляць максімум 300 долараў”, — гаворыць ён.
Жонка Паўла Святлана пакуль застанецца ў Мінску — трымае праца. Ці вернецца Вінаградаў у сталіцу і калі, актывіст не ведае.
“Як што якое раптам адбудзецца важнае, то я гатовы. Але пакуль не магу сказаць, калі дакладна змагу вярнуцца”, — дадае Вінаградаў.
Нагадаем, праваабаронцы вельмі заклапочаны захаваннем сеткі ЛПП у Беларусі як узаконенага спосабу выкарыстання прымусовай працы. Паводле іх меркаванняў, ЛПП - перажытак савецкай сістэмы, які акрамя Беларусі захаваўся толькі ў Таджыкістане і непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспубліцы. Да таго ж апошнім часам ёсць падставы меркаваць, што ўлады могуць выкарыстоўваць ЛПП для абмежавання свабоду грамадскіх актывістаў напярэдадні і падчас палітычных кампаній.
Post new comment