Суд адмяніў актывісту штраф за знаходжанне "у нецвярозым стане" ў грамадскім месцы
Лідар моладзевай арганізацыі “Zмена” Павел Вінаградаў абскардзіў праз суд спагнанне ў выглядзе штрафу за з’яўленне ў грамадскім месцы нібыта ў нецвярозым стане.
Скаргу разглядала 27 лістапада суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль з удзелам адваката, паколькі сам актывіст зараз пражывае і стаіць на прафілактычным ўліку ў Беразіно.
Раней намеснік начальніка Маскоўскага РУУС 9 кастрычніка вынес пастанову, згодна з якой Павел Вінаградаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па арт. 17.3 КаАП (знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы) і аштрафаваны на 1 200 000 рублёў, паведамляе ПЦ "Вясна".
Суддзя Таццяна Мотыль прызнала, што пры разглядзе справы былі дапушчаныя неаб’ектыўнае даследванне абставінаў адміністратыўнага правапарушэння і аднабаковасць пры разглядзе матэрыялаў справы.
Гэтая акалічнасць была ўзятая пад увагу суддзёй, якая адмяніла пастанову намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа аб адміністратыўным правапарушэнні і накіравала справу на новы разгляд.
Нагадаем, праваабаронцы устурбаваныя тым, што ў адносінах да актывсітаў пачалі складаць пратаколы за знаходжанне нібыта ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Некалькі такіх сфабрыкаваных выпадкаў дазваляюць накіраваць чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй ў ЛПП і такім чынам ізаляваць на пэўны тэрмін.
Post new comment