Актывіста пазбавілі права на абскарджанне
Адміністрацыйна арыштаваны Зміцер Палойка пяты дзень адбываў пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), а ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ягонай адміністрацыйнай справы не аказалася!
А калі няма дакументаў, няма мажлівасці абскардзіць прысуд.
Тым часам Зміцер Палойка, якога наведаў адвакат у ІЧУ,пацвердзіў, што суд 11 снежня адбыўся, і судзіў яго сам старшыня суда Мікалай Кміта. Асуджаны да 10-ці суткавага адміністрацыйнага арышту Палойка паведаміў таксама, што яму не выдалі копію рашэння суда, якую павінны былі зрабіць.
Толькі пасля таго, як Зміцер Палойка 21 снежня выйшаў на волю, ён разам з праваабаронцам Сяргеем Гоўшам наведаў суд і атрымаў рашэнне суда па сваёй адміністрацыйнай справе, якая нечакана знайшлася. Зразумела, што абскардзіць рашэнне суда цяпер ён ужо не можа, бо па закону гэта мажліва зрабіць толькі на працягу 5 дзён з моманту прыняцця рашэння суда, а прайшло не 5, а цэлых 11 дзён.Сам жа старшыня суда, які судзіў Зміцера, сышоў у адпачынак.
У сувязі з гэтай сітуацыяй Сяргей Гоўша накіраваў скаргу на незаконныя дзеянні суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, якія прывялі да парушэння правоў Зміцера Палойкі на абскарджанне гэтага рашэння ў вышэйстаячым судзе. Праваабаронца просіць пакараць тых службовых асоб гарадскога суда, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства.
Паводле ПЦ "Вясна"
Post new comment