Беларускія ўдзельнікі праекта “Dzieci razem” наведалі славутасці Уроцлава (ФОТА)
Сярод аб'ектаў экскурсійнай прагулкі былі бібліятэка Асалінэум, ратонда з Рацлавіцкай панарамай і Ўроцлаўскі ўніверсітэт.
Трэцяя па велічыні ў Польшчы бібліятэка Асалінэум створаная ў будынку былога кляштара. Там знаходзіцца самы вялікі збор твораў знакамітага польскага пісьменніка Генрыка Сінкевіча, рукапісы паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і шмат іншых культурных здабыткаў.
Рукапіс Адама Міцкевіча
Бібліятэка Асалінэум сапраўды нагадвае бажніцу
Музей Уроцлаўскага ўніверсітэта Aula Leopoldina уражвае сваёй веліччу і шляхетнай страсвецкасцю. Госці з Беларусі мелі магчымасць ускараскацца на матэматычную вежу ўніверсітэта і агледзець еўрапейскую сталіцу культуры 2015 года з вышыні птушынага палёту.
Ва урачыстай залі выключная акустыка. Там праводзяцца ушанаванні і музычныя канцэрты.
Панарама на горад з матэматычнай вежы ўніверсітэта
Беларуская дэлегацыя наведала ратонду з грандыёзнай Рацлавіцкай панарамай, на якой выяўлена пераможная бітва Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі 4 красавіка 1794 года. Беларусы былі вельмі ўражаныя, як палякі шануюць сваіх герояў і як узносяць пераможныя старонкі сваёй гісторыі. Паводле меркаванняў беларускіх наведнікаў, было б вельмі файна, каб падобная панарама пра Мілавідскую бітву Кастуся Каліноўскага была створана ў Беларусі.
Нагадаем, праект “Dzieci razem” здзяйсянецца пры падтрымцы Камітэта “Салідарнасць” і польскага фонду “My razem”. Дзеці з сем’яў беларускіх дэмакратычных актывістаў, кожны ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, накіраваліся ва Ўроцлаў, каб прыняць удзел у шэрагу сумесных культурніцкіх мерапрыемстваў са сваімі аднагодкамі з Польшчы. Падчас тыднёвага візіту дзеці ладзяць сумесную тэатралізаваную пастаноўку паводле казак Адама Міцкевіча, наведаюць знакаміты ўроцлаўскі заапарк, паўдзельнічаюць у шэрагу экскурсій па горадзе. Бацькі з дзецьмі пакажуць прэзентацыі пра свае гарады і мястэчкі, правядуць кулінарную майстэрню. Прадугледжана таксама асобная праграма для бацькоў у арганізацыі “Сектар 3” на тэму эфектыўнай арганізацыі грамадскай дзейнасці.
Post new comment