Юры Рубцоў патрабуе адкрытага судовага разбіральніцтва і працягвае галадоўку
Палітвязень даслаў ліст у ПЦ “Вясна”. У ім ён піша, што паранейшаму трымае галадоўку і не збіраецца яе прыпыняць. Гэта звязана з тым, што Юры Рубцоў лічыць распачатую ў дачыненні да яго крымінальную справу па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса сфабрыкаванай.
Таксама ў лісце палітвязень выказвае намер пераходу да сухой галадоўкі, паведамляе сайт ПЦ “Вясна”.
“Я ўжо папярэдзіў начальніка СІЗА №6 пра тое, што ў выпадку правядзення нада мной закрытага судовага разбіральніцтва я абвяшчу сухую галадоўку. Гэта мой адзіны рычаг уздзеяння”.
Між іншым, з ліста вынікае, што палітзняволены дасканала вывучае артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім яго будуць судзіць, і спрабуе трактаваць яго юрыдычную фармулёўку.
Акрамя таго, Юры Рубцоў звяртае ўвагу і на свой стан здароўя:
“Напэўна моцна прастудзіўся, баліць спіна каля лапатак, цяжка дыхаць. Язва толькі-толькі пачала пра сябе даваць ведаць. А так бадзёры. Рашучасці хапае”.
Нагадаем, Юрый Рубцоў адмаўляўся працаваць на прапанаваных прадпрыемствах з-за нізкага заробку і патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам па краіне – 600 долараў. Палітвязень лічыць, што завядзенне новай справы па арт. 415 КК незаконна, як і крымінальная справа, па якой ён зараз адбывае тэрмін (“абраза суддзі”). На дадзены момант палітзняволены знаходзіцца ў СІЗА горада Баранавічы.
Post new comment