Працяг судоў над удзельнікамі акцыі супраць міліцэйскага гвалту
Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і актывіста партыі Мікалая Казлова суд Ленінскага раёна Мінска 16 лютага аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў), актывістку АГП Вольгу Маёраву — на 20 базавых велічынь (4,2 млн. рублёў).
На пасяджэнні 16 лютага працягнуўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў за ўдзел у пікеце супраць міліцэйскага гвалту каля будынку Вярхоўнага суда 30 студзеня, паведамляе "Наша Ніва" са спасылкай на БелаПАН.
«Рашэнне прагназаванае. Я ў пачатку пасяджэння выказаў недавер суддзі і сказаў, што рашэнне суда ўжо падрыхтаванае і мне дадуць штраф 50 базавых», — паведаміў Лябедзька.
Паводле яго слоў, актывісты партыі, хутчэй за ўсё, будуць абскарджваць рашэнне, каб затым дайсці са скаргамі да Камітэта ААН па правах чалавека.
30 студзеня ля будынка Вярхоўнага суда прайшла ініцыяваная Лябедзькам акцыя салідарнасці са збітымі АМАП у судзе Фрунзенскага раёна сталіцы грамадскімі актывістамі Максімам Шыцікам і Паўлам Сяргеем і карэспандэнтам партала tut.by Паўлам Дабравольскім, а таксама супраць насілля ў дачыненні да грамадзян з боку супрацоўнікаў міліцыі. У акцыі ўдзельнічалі прыблізна 15 чалавек.
Нагадаем, штрафы атрымалі таксама некалькі ўдзельнікаў акцыі супраць міліцэйскага гвалту, справы якіх разглядаліся 11 лютага.
Post new comment