Reply to comment
Першы ў новым годзе суд над журналістам-фрылансерам адбыўся ў Гомелі. Суд Гомельскага раёна 13 студзеня прызнаў Ларысу Шчыракову вынаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ і пакараў буйным штрафам.
Як паведамляе Белсат, справу разглядаў суддзя Аляксандр Лісоўскі.
«У апошнім сваім слове я сказала, што пераследаваць журналістаў, канешне ж, можна, але толькі, калі яны падаюць непраўдзівую інфармацыю, абражаюць чыйсьці гонар. Але пераследаваць журналістаў толькі за тое, што яны займаюцца журналістыкай, збіраюць і распаўсюджваюць абʼектыўную інфармацыю – гэта, канешне, нізка, амаральна і подла з боку рэжыму», – так пракаментавала вырак Ларыса Шчыракова.
Як паведамлялася раней, капітанам міліцыі Гомельскага РАУС Р. В. Цітовым быў складзены пратакол, дзе напісана, што Шчыракова, «знаходзячыся 24 снежня 2015 года ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна, не маючы акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта СМІ, падрыхтавала інтэрв’ю ў розных грамадзян, незаконна вырабіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт «Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцця», які быў апублікаваны 24.12. 2015 у эфіры тэлеканалу «Белсат».
Сюжэт у вырабе якога абвінавацілі журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлку Урыцкі. Пратакол журналістка атрымала па пошце 4 студзеня.
Летась Ларысу Шчыракову двойчы штрафавалі па тым жа артыкуле.
З праблемамі сутыкнуўся і гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі. Тыдзень таму яму поштай даслалі пратаколы – таксама за сюжэты на «Белсаце».