Еўрапейскія і беларускія журналісты пратэстуюць супраць пераследу калег з Віцебску
26 лістапада тэкст адкрытага ліста Еўрапейскай федэрацыі журналістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў будзе адпраўлены ва УУС Віцебскага аблвыканкама і ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска, паведамляе прэс-служба БАЖ.
У лісце гаворыцца, што "пакаранне віцебскіх журналістаў за фотасесію на фоне гарадской сцяны – гэта анекдатычная сітуацыя, якая была б вартая жалю, калі б не адбівалася на лёсах канкрэтных людзей. На правядзенне фотасесіі не трэба падаваць заяўку як на правядзенне масавай акцыі: фатаграфаванне сваіх сяброў не лічыцца масавай акцыяй паводле Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Аднак міліцыя расцаніла паводзіны ўдзельнікаў фотасесіі менавіта як "пікетаванне".
ЕФЖ і ГА “БАЖ” таксама пратэстуюць з гэтай нагоды і заклікаюць:
- Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Чыгуначнага раёна Віцебска і асабіста яго начальніка Аляксандра Рыбакова – тэрмінова адклікаць пратаколы, складзеныя ў дачыненні да ўдзельнікаў фотасесіі.
- УУС Віцебскага аблвыканкама і асабіста намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Аляксандра Каліноўскага – тэрмінова адклікаць з АУС Чыгуначнага раёна Віцебска распараджэнне аб прыцягненні да адказнасці ўдзельнікаў вулічнай фотасесіі.
- Суд, у які могуць паступіць пратаколы пра ўдзел гэтых людзей у “несанкцыянаванай акцыі”, – аб’ектыўна і ўсебакова ацаніць іх справы і вынесці рашэнні, заснаваныя на законе і здаровым сэнсе.
Нагадаем, напярэдадні 5 лістапада, Сусветнага дня “Станем за журналістыку”, група віцебскіх сябраў ГА “БАЖ” сфатаграфавалася на фоне будынка з вядомым гарадскім графіці – выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі. Цяпер удзельнікаў фотасесіі выклікаюць у Чыгуначны РАУС Віцебска, складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП) і збіраюцца судзіць. Еўрапейская федэрацыя журналістаў і яе сябра – ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – лічаць абсурднымі выстаўленыя віцебскім калегам абвінавачанні.
Post new comment