За фотаздымкі на фоне графіці будуць судзіць
Журналісты сфатаграфаваліся на фоне малюнка на сцяне будынка – выявы трох жалезных клетак, з якіх вырываецца зробленая з газеты птушка. Некалькі чалавек на фотаздымках таксама стаяць, трымаючы ў руках папяровых птушак або клеткі. На ўдзельнікаў фотасесіі склалі адміністратыўныя пратаколы. Хутка адбудуцца суды.
“На тое, каб сфатаграфавацца для сацыяльных сетак, ужо трэба атрымліваць нейкі дазвол? На нашых фотаздымках выразна відаць, што мы не трымаем плакатаў, нічога не крычым і не патрабуем. Ды нават у раздрукоўках з інтэрнэт-сайтаў, якія мне паказаў міліцыянт, слова "акцыя" не ўжываецца! Так што абвінавачанне лічу абсалютна беспадстаўным”, - кажа Зміцер Казакевіч.
Тым не менш, на Зміцера Казакевіча быў складзены пратакол пра правапарушэнне паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 як на ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі. У міліцыі яму паведамілі і дату суду – 28 лістапада.
Яшчэ адзін сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардвінцаў, паведаміў, што судовы разбор ягонай справы ў міліцыі прызначылі на 1 снежня.
Суд над удзельніцай фотасесіі актывісткай аргкамітэту БХД Аленай Шабуняй, на якую склалі пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, прызначаны на 28 лістапада. Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец, якая таксама сфатаграфавалася на фоне графіці, мусіць з'явіцца ў суд 1 снежня.
Фотаздымкі журналістаў і актывістаў былі апублікаваныя на адной з віцебскіх старонак ў "Фэйсбук". Гэта старонка называецца "Нашы ў горадзе", яе можа праглядаць кожны ахвотны, тут размяшчаюцца спасылкі на артыкулы пра Віцебск, фотаздымкі горада і яго жыхароў. Серыя фотаздымкаў, якія ў міліцыі лічаць "доказамі правапарушэння, называецца "Фотасесія на фоне любімага гарадскога графіці". Ідэя фотасесіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую невядомым мастаком-графітыстам: ён намаляваў, як зробленая з газеты птушка вырываецца з клеткі.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар