У Жодзіна прайшлі суды за акцыю салідарнасці з прадпрымальнікамі
У судзе горада Жодзіна 23 траўня адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў, затрыманых у суботу на мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі. На 5 удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы аб ўдзеле ў несанкцыянаваным мерпрыемстве (арт.23.34 КаАП). Усіх пакаралі буйнымі штрафамі.
Грамадскія актывісты і прадпрымальнікі Алесь Макаеў, Павел Пракаповіч, Павел Старавойтаў і Міхась Латышаў былі да суду ўзятыя пад варту і правялі выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання. Яшчэ адзін удзельнік мітынгу Алесь Абрамовіч па стане здароўя быў адпушчаны да суду дадому.
Разгляд справаў над затрыманымі ў Жодзінскім гарадзкім судзе вёў суддзя Мікалай Самойла. Адносна Алеся Макаева, Паўла Пракаповіча, Паўла Старавойтава й Міхася Латышава суды прайшлі ў рэжыме канвеера. Суд над Алесем Абрамовічам (г.Барысаў) у Жодзінскім судзе распачаўся а 10.15 і доўжыўся 35 хвілінаў.
Алесю Макаеву прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічынь (10,5 млн беларускіх рублёў), Абрамовічу — 40 (8,4 млн), Пракаповічу — 25 (5,25 млн), Латышову і Старавойтаву — 15 (3,15 млн).
Актывісты дамагаюцца адмены ўказу №222 Аляксандра Лукашэнкі, які забараняе гандляваць на рынку таварамі лёгкай прамысловасці без адпаведных сертыфікатаў.
Паводле ПЦ "Вясна".
Post new comment