Адказаць на каментар
З нагоды 35-годдзя працы Маскоўскай Хельсінскай групы ў расейскую сталіцу з’ехаліся вядомыя праваабароны з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Туркменістана і інш., каб прыняць удзел у Міжнародным форуме праваабаронцаў Еўразійскага кантыненту, які адбываўся з 11 па 13 траўня.
У працы форума браў удзел і выступіў з дакладам юрыст Камітэта абароны рэпрэсаваных “ Салідарнасць”.
Асабліва востра пад час форума гучала беларуская тэматыка. Сітуацыі на Беларусі было ўдзелена асобнае пленарнае паседжанне. У ім прынялі ўдзел Алег Гулак (Беларускі Хельсінскі Камітэт), Алесь Бяляцкі ( Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Андрэй Бастунец (БАЖ), а таксама прадстаўнік маскоўскай Хельсінскай групы, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі на Беларусі Андрэй Юраў.
Дыскуссія датычылася сітуацыі на Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, гаворка ішла пра пагрозы незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабарончым арганізацыям і адвакатскаму колу. Абмяркоўваліся магчымыя механізмы міжнароднай рэакцыі дзеля вызвалення палітвязняў. Падзеям у Беларусі была прысвечана асобная прэсавая канферэнцыя.
Зацікаўленнасць у вырашэнні беларускіх пытанняў праявілі нават расійскія праваабаронцы Юры Джыбладзэ, Валянцін Гефтэр, Дзмітрій Макараў і іншыя. У тым ліку абмяркоўваліся перспектыўныя формы і праграмы ўмацавання супрацоўніцтва
незалежных праваабарончых арганізацый на постсавецкай прасторы.
У гэты ж дзень абмяркоўваліся праблемы абароны правоў чалавека ў Цэнтральнай Азіі.
Гутарка ішла таксама пра сітуацыю ў краінах Усходняга партнэрства ЕС. Прадстаўнікі краінаў распавялі пра сітацыю ва Украіне, Малдове і на Паўднёвым Каўказе.
Другі дзень праваабарончай канферэнцыі быў прысвечаны глабальным выклікам у галіне правоў чалавека і шляхам іх пераадолення ў рэгіёне АБСЕ. Прадстаўнік польскага Хельсінскага фонду па правах чалавека Данута Пшывара выступіла з пленарным дакладам “Грамадзянская актыўнасць як інструмента абароны правоў чалавека”.
Частка абмеркавання была прысвечана 35-годдзю Хельсінскага руху.
Па гэтай тэме на форуме прагучалі выступленні Адама Міхніка, галоўнага рэдактара «Газеты выборчэй», Юрыя Арлова, заснавальніка Маскоўскай Хельсінскай групы, Ференца Косіча з Венгерскага Хельсінскага Камітэту і іншых. У падвядзенні вынікаў і прыняцці рэзалюцыі форума ўзяла ўдзел старшыня Маскоўскай Хельсінскай групы Людміла Аляксеева.