Адказаць на каментар

- Аляксей, ты пачаў вучобу ў Польшчы па праграме імя Кастуся Каліноўскага ў 2006 годзе. У мінулым годзе (2011) ты абараніў магістарскую працу і паступіў у дактарантуру. Раскажы, калі ласка, з якімі думкамі і чаканнямі ты ехаў у Варшаву на пачатку і як ацэньваеш зараз каштоўнасць свайго дыплома? 
 

- Добра памятаю, як ехаў у пачатку ліпеня 2006 году на адкрыццё праграмы. Глядзеў у вакно і спрабаваў адзначыць, у чым жа розніца між нашымі краінамі. Да самой Варшавы так і не змог знайсці адрозненняў: тыя ж палі, тыя ж дамы. Але ўжо на вакзале пачалося іншае жыццё. Цяжка сказаць, чаго я чакаў ад вучобы ў Польшчы, або самой краіны – вельмі даўно гэта было. Зараз жа дакладна толькі адно: нават калі і ўяўляў што-небудзь, у рэальнасці ўсё аказалася іншым.
 
Пра дыплом тады ніхто не думаў, хапала праблем у бліжэйшай будучыні, якія хвалявалі значна больш. Так, даволі цяжка было зрабіць выбар універсітэта, а потым яшчэ дачакацца канчатковага размеркавання. Ды і адчування, што ты студэнт, яшчэ не было… хутчэй турыст.
 
Ужо пасля сканчэння ўніверсітэту, калі атрымаў дыплом, змог ацаніць усе пяць гадоў вучобы. На жаль, усё так хутка праляцела. Сам дыплом не выклікае ўжо вялікай радасці. Радаваўся гэтай перамозе некалькі тыдняў пасля абароны, а зараз ужо іншыя мэты і заданні. Аб’ектыўна ацэньваючы свае перспектывы з дыпломам палітолага, разумею, што на Радзіме шанцаў няма (менавіта па спецыяльнасці). Нават у Польшчы гэтых шанцаў не намнога больш. Перакананы, што з такім дыпломам можна зрабіць кар’еру толькі ў краіне, дзе ты нарадзіўся.

- Распавядзі, калі ласка, пра змест і напаўненне навучання: якія прадметы ты вывучаў у рамках сваёй спецыяльнасці, што асабліва ўразіла і запомнілася? У якім кантэксце ты параўнаў польскую і беларускую сістэму вышэйшай адукацыі? Якія элементы польскай сістэмы вышэйшай адукацыі ты пераняў бы для беларускіх ВНУ?
 

- Першыя гады вучобы не шмат мелі агульнага з абранай спецыяльнасцю – шмат агульнаадукацыйных прадметаў. Дадайце сюды яшчэ і нізкі ўзровень мовы. Адным словам, першы і частка другога курса захаплення ў мяне не выклікалі. Былі запамінальныя лекцыі, але гэта хутчэй заслуга выкладчыкаў, іх харызматычнасці. Па-сапраўднаму пацягнула на пары ўжо на «магістэрцы». Я выбраў спецыялізацыю “Стратэгія ў палітыцы” і да гэтага часу ненарадуюся, што зрабіў такі ўдалы выбар. Стратэгіі дзяржаў, Прагназаванне і мадэляванне міжнародных адносін, Роля спецслужбаў ва ўпраўленіі дзяржавай, Тэорыя гульняў у палітыцы – гэта тыя нямногія прадметы, якія стаялі ў мяне ў навучальным плане. Калі я размаўляў са сваім аднакласнікам, які вучыўся ў акадэміі ФСБ, ён здзіўляўся, што мы праходзім такія дысцыпліны, маўляў, нават іх у акадэміі так не рыхтуюць.
 
І ўсё ж я мяркую, што на постсавецкай прасторы адукацыя ў дакладных навуках значна мацней. Напэўна, гэта спадчына ад СССР і яго ўдзелу ў гонцы ўзбраення. Што ж тычыцца гуманітарных навук, то тут перавес на баку Захаду. Узяць тую ж паліталогію: у Беларусі яе можна вывучаць толькі ў адным універсітэце (калі нешта не змянілася), а потым ты атрымаеш дыплом, дзе тваёй спецыяльнасцю будзе “юрыст-палітолаг”. То бок чыстым палітолагам ты не станеш, бо “няма у нас такой прафесіі”. Я ўжо не гавару пра тое, якой можа быць паліталогія ў краіне з аўтарытарным рэжымам.
 
У Польшчы, як і ў іншых краінах на Захадзе, студэнта ніхто сілай не цягне на пары. Можна нават цэлы семестр не хадзіць на пары, а потым дамовіцца з выкладчыкам і проста адпрацаваць усе пропускі. Для Беларусі гэта нешта дзікае. Можна прапусціць няшмат, але ты абавязаны гэта адпрацаваць. Мая знаёмая вучылася ў «медзе», дык адпрацоўкі ў іх былі абавязковыя і платныя. Калі я расказваў аб гэтым у Польшчы, і студэнты, і выкладчыкі верылі ў мае словы з цяжкасцю. Такое адчуваннее, што ты проста абавязаны хадзіць на пары і павінен запісваць кожнае слова лектара… Проста муштра нейкая.
 
І ўсё ж я не ведаю, было б карысным увесці падобную схему навучання ў нас у краіне. Ужо занадта шмат залежыць ад студэнта і яго культуры. Пры такой вольнасці, занадта цяжка ўзяць сабе ў рукі і пачаць вучыцца. Як мне здаецца, не гатовыя нашы студэнты да гэтага.

- Праграма імя Кастуся Каліноўскага – праграма выключная. Яна была створана для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, якія не мелі магчымасці працягваць вучобу на Радзіме. Вельмі часта пра каліноўцаў, асабліва напачатку існавання праграмы, казалі як пра будучую беларускую эліту. Ці згодны ты з гэтым? Ці лічыш ты студэнтаў-каліноўцаў сапраўды выбітнымі? Як удалося справіцца з высокімі чаканнямі (і апраўдаць іх), ускладзенымі на цябе як аднаго з каліноўцаў? Ці лічыш ты, што студэнты-каліноўцы – гэта асобная супольнасць? Чым яны адрозніваюцца ад іншых беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой?
 

- Не ведаю, як наконт эліты, але тое, што праз гадоў сто пра гэтую праграму будзе напісана ў падручніках гісторыі – гэта дакладна. Па-мойму, гэта будзе нешта накшталт таго, як сёння мы вывучаем тайныя таварыствы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта пачатку XIX стагоддзя: філаматаў і філарэтаў. Але я ні ў якім разе не стаўлю каліноўцаў у адзін шэраг з імі, гэта проста немагчыма. Сярод каліноўцаў вельмі шмат арыгінальных і выбітных людзей. Калі ж узяць хаця б інтэлектуальныя здольнасці чалавека, я магу гаварыць толькі за першы набор, аказалася даволі шмат пераможцаў рознага кшалту алімпіяд у Беларусі, гульцоў клубаў інтэлектуальных гульняў. Я часта прыводзіў гэты прыклад для Беларусі, даказваючы, што на праграме не такія ўжо разумова-адсталыя людзі. Як сказала мне мой школьны выкладчык: “Правільна, там аказаліся людзі, якія думаюць, якія бачаць рэальную абстаноўку ў краіне”.
 
Як я сказаў, вучыцца не было цяжка, але ўжо ў той жа час «вылецець» з універсітэта таксама не складала цяжкасцей. Не зрабіць гэты няслушны крок, не аступіцца, мне дапамагла думка аб тых людзях, якія адправілі мяне сюды, я не мог іх падвесці (БСДП).
 
Сёння, пасля столькіх набораў, “каліновец” – стала брэндам. Дзякуючы незалежным і дзяржаўным СМІ ў Беларусі цяжка знайсці чалавека, які б не чуў пра гэтую праграму, і я ніколькі не шкадую, што з’яўляюся студэнтам гэтай праграмы. І, адназначна, каліноўцы – адрозніваюцца ад беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца як на радзіме, так і за мяжой. Мы як сябры аднаго клуба, “ячэйкі” якога раскіданыя па ўсёй Польшчы. А каб зразумець, чым мы адрозніваемся ад іншых студэнтаў-беларусаў, трэба быць сябрам гэтага клуба, з усімі яго добрымі і дрэннымі бакамі.

- Аляксей, сёння ты – магістар адной з лепшых польскіх ВНУ, твая польская мова – бездакорная. Як ты бачыш сваю будучыню пасля абароны доктарскай? Многія студэнты, якія паспяхова скончваюць еўрапейскія універсітэты, не бачаць для сябе перспектываў у Беларусі і застаюцца за мяжой. Як бы ты бачыў вырашэнне праблемы „ўцечкі мазгоў“ і што мог бы прапанаваць айчыннай навуцы?
 

- Мая польская не такая ўжо і бездакорная. Асабліва гэта адчуваеш у час напісання дыпломных прац. Наконт будучыні пытанне цяжкае. У пачатку праграмы нашаму набору гаварылі, што калі вы скончыце, праз пяць год, Беларусь будзе цалкам іншай краінай, мы зможам вярнуцца дамоў і заняць свае месцы. Але з цягам часу сітуацыя не змянілася, калі не сказаць, што стала горш. За гэты час я навучыўся не заглядваць так далёка ў будучыню, а займацца надзённымі пытаннямі.
 
Праблема “ўцечкі мазгоў” існуе ў многіх краінах. Я не ведаю рашэння гэтай праблемы, але мяркую, што ўсё залежыць ад блізкасці чалавека да яго Радзімы, яго ўнутранай сувязі.
 
Паводле http://www.adukacyja.info

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку