Адказаць на каментар
На офісе Руху “За Свабоду” і камітэта “Салідарнасць” адбылася вечарына, прымеркаваная да Дня Волі.
Адкрыў вечарыну сябра Саюза беларусіх мастакоў Мікола Купава. Творца зрабіў эскурс у гісторыю, нагадаўшы пра лёс мастакоў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года. Купава распавёў пра выставы, якія ў гэтым годзе будуць прысвечаны К. Каліноўскаму.
Гэтаксама сваю творчую спараваздачу зрабіў вядомы паэт і бард Алесь Камоцкі. Ён распавёў пра апошнія дыскі і кнігі, якія былі выдадзены пры творчым супрацоўніцтве з народным паэтам Рыгорам Барадуліным.
На вечарыну былі запрошаны бацькі студэнтаў-каліноўцаў. Яны з цікавасцю выслухалі аповеды мастака Міколы Купавы, журналіста Аляксандра Тамковіча. Слухачы былі прыемна ўражаны выкананнем песняў і рамансаў Алесем Камоцкім, а пасля задавалі шчырыя пытанні.
Адначасова ў памяшканні адбылося адкрыццё фотавыставы “ Сейбіты Беларушчыны”, на якой былі прадстаўлены фотаздымкі дзечаў беларускай навукі, культуры і мастацтва, зробленыя з 2005 па 2012 год.
Героі фотапартрэтаў: Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Анатоль Грыцкевіч, Уладзімір Содаль, Аляксей Марачкін, Юзаф Булька, Анатоль Белы, Міхась Чарняўскі. Людзі, якія з’яўляюцца духоўнымі спадчыннікамі айцоў-заснавальнікаў БНР. Яны ўвасабляюць іх ідэі ў даследванні нетраў беларускай зямлі, у вывучэнні яе мінуўшчыны, ва ўвекавечанні памяці пра выбітных асобаў, у служэнні роднай мове і літаратуры, у справе адраджэння роднага краю.
Здымкі былі зроблены падчас наведвання пісьменнікаў і навукоўцаў, на святы альбо пад час важных грамадскіх мерапрыемтваў.
Задумай арганізатараў выставы было запрасіць герояў здымкаў, каб яны маглі падзяліцца сваёй творчай спадчынай (кнігамі, даследваннямі, дыскамі) з сябрамі “Руху “За Свабоду” і “Салідарнасці”, з моладдзю, грамадскімі актывістамі і бацькоўскай грамадой.
Фотавыстава працуе на офісе Руху “За Свабоду” па будзённых днях з 12.00 да 18.00