Адказаць на каментар

Разгон намётавага лагеру ў сакавіку 2006 году і наступныя рэпрэсіі ў адносінах да ўдзельнікаў Плошчы запачаткавалі хвалю студэнцкай палітычнай эміграцыі.  

 

За прамінулы час сотні маладых людзей, адлічаных за грамадзкую актыўнасць з навучальных установаў Беларусі, дзякуючы заснаванай 30 сакавіка 2006 году праграме Кастуся Каліноўскага, атрымалі адукацыю ў замежжы. Пазней да іх далучыліся і тыя, хто з-за сваёй выразнай пазыцыі меў няшмат шанцаў утрымацца ў беларускіх ВНУ да дыплёму. Усяго за сем гадоў праз выратавальную праграму прайшлі блізу 700 чалавек. Найбольш беларускіх навучэнцаў — у суседняй Польшчы, якая ўзяла на сябе асноўныя клопаты, звязаныя з іхняй адукацыяй.

 

 

Зміцер Галямаў — студэнт другога курсу факультэту арганізацыі кінаматаграфічнай і тэлевізійнай вытворчасьці ўніверсытэту ў Катавіцах. Сам родам з Маладэчна, у Мінску скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Кажа, што яшчэ ў ліцэі з дапамогай кінарэжысэра, дырэктара ўстановы Ўладзімера Коласа паспрабаваў сябе ў якасці відэаапэратара, а ў Польшчы ўжо сістэматычна спасцігае азы прафесіі:

«Працэс навучання ідзе дастаткова лёгка, таму што мовы вельмі падобныя, агульная колісь гісторыя, традыцыі. У прынцыпе, была ж Рэч Паспалітая, нас гэта таксама яднае. Дый самі палякі кажуць: беларусы — родны для нас народ. Палякі да беларусаў ставяцца вельмі добра. І нават падчас вучобы робяцца своеасаблівыя паблажкі. Таму адносіны вельмі добрыя, і шмат праз што гэта можна адчуць. Прыкладам, у нас быў першы дзень універсітэцкіх збораў з групай, і калі я сказаў, што з Беларусі, то прысутныя выявілі да мяне большую ўвагу, чым да тых жа самых палякаў. Гэта можна патлумачыць з таго боку, што нешта для іх новае, але паказальна, што такія адносіны, такое стаўленне захавалася на працягу гэтых маіх двух курсаў».

 

 

У часе практычных заняткаў

​​

Зміцер апавядае, што ён увесь час у інтэрнацыянальным віры — перадусім гэта тычыцца інтэрнату ці, як кажуць палякі, «акадэміку»:

«Я жыву ў сапраўды інтэрнацыянальным „акадэміку“, бо вельмі шмат людзей з замежжа прыяжджае па праграмах абмену. Збольшага гэта ахоплівае толькі адзін сэмэстр, але такі міжнародны вопыт надзвычай карысны. Сярод тых, хто вучыцца стала, шмат расейцаў, украінцаў. Многія маюць „карты паляка“. Прыяжджаюць таксама з Чэхіі на вучобу ў Польшчу. Ведаю ад іншага сябра, які атрымаў у Польшчы палітычны прытулак, што таксама шмат у краіне азербайджанцаў, з Грузіі шмат людзей. Усе едуць на Захад».

 

З сябрам Іванам Шылам

​​

Адзін з сяброў Зьмітра — былы палітвязень, маладафронтавец з Салігорску Іван Шыла. Разам яны ўдзельнічаюць у акцыях у падтрымку цяперашніх беларускіх вязняў. Дарэчы, касцяк нядаўняга шэсця на Дзень Волі ў Варшаве ў немалой ступені складалі якраз беларускія студэнты польскіх ВНУ. Цікаўлюся: ці адчуваецца салідарнасць саміх палякаў, ці гатовыя і яны далучацца да падобных акцыяў?

«Тое, што дазваляюць такія шэсьці ў сябе — гэта адно. А вось ці пайшлі тэарэтычна ў падтрымку Беларусі? Хіба што нейкая невялікая частка. Так, ёсьць палякі, якія насамрэч цікавяцца тым, што адбываецца ў нашай краіне. Прыкладам, мяне ў Фэйсбуку трое польскіх сяброў з універсітэту павіншавалі з Днём Волі. Але я б не сказаў, што яны масава пайшлі б абараняць нашы правы, нашу культуру. Так, яны падтрымліваюць нас у Польшчы, дапамогуць, але зразумела, што асноўныя задачы павінны вырашаць мы самі».

Пашыранае меркаванне, што асноўная частка беларускіх студэнтаў у Польшчы — гэта тыя самыя «палітычныя». Ці так гэта?

«Я ўсё ж думаю, што гэтая катэгорыя прадстаўленая якраз у меншай ступені. Вельмі шмат цяпер прыяжджае беларусаў, арыентаваных не палітычна, а якія, прыкладам, едуць праз „карту паляка“, празь нейкія свае персанальныя знаёмствы. Таксама за грошы шмат народу вучыцца. Выразна палітычных, калі нават уключаць сюды „каліноўцаў“, можа, толькі працэнтаў 25 набярэцца».

На думку суразмоўцы, значнай прысутнасці беларусаў за мяжой замінае перадусім ізаляванасць краіны:

«Я лічу, што гэта ў першую чаргу. Нават калі б той жа Балонскі працэс нейкім чынам усё ж „зачапіўся“ ў Беларусі, з’явіліся б шматлікія праграмы абмену. Несумненна, у студэнтаў было б больш міжнародных перспектываў».

 

У часе практычных заняткаў


Зміцер Галямаў кажа, што дастаткова хутка адаптаваўся ў Польшчы і прынамсі моўных бар’ераў ня мае:

«Калі параўноўваць, ня ведаю, з ангельскай мовай, то, канечне, вельмі моцнае адрозьненне. Польская — зусім іншая справа. Прынамсі для мяне польская ня ёсць «чужародным целам».

Беларуская прапаганда досыць часта згадвае пра «каліноўцаў», сцвярджаючы, што пад маркай змагароў за мяжу трапляюць выпадковыя людзі, якія займаюцца чым заўгодна, толькі не вучобай. Зміцер Галямаў падобныя «наезды» не прымае ў прынцыпе:

«Перадусім маладыя людзі едуць па новыя веды. Таму што якраз у Беларусі адчуваецца абмежаванасьць. І гэтая абмежаванасьць ува ўсім: і ў ведах, і ў той жа свабодзе».

Карэспандэнт: «Але, відаць, ня вельмі добра для Беларусі, калі разумныя, маладыя, таленавітыя людзі з’яжджаюць і многія ўжо не вяртаюцца...»

«Такія ўмовы стварыла сама дзяржава, таму крыўдзіцца на нешта не выпадае. Але для моладзі, безумоўна, добра, што ёсьць такая магчымасць самарэалізавацца. Разам з тым ёсьць надзея, што моладзь набярэцца новых ведаў, перадавых практык і, як кажуць палякі, прыедзе „з повротэм“ на Беларусь. Прынамсі каб хоць нешта ўзняць тут на новы ўзровень. Бо, напрыклад, як я вучуся на кінаспецыяльнасьці, то ў Беларусі папросту няма элемэнтарнай магчымасці атрымаць нейкія аналягічныя практыкі, папрацаваць на кінастудыі і г.д.».

 

Першая сустрэча на радзіме – з аднакурснікамі-коласаўцамі

Паводле дадзеных польскага адукацыйнага фонду «Перспектывы», у Польшчы навучаюцца блізу 25 тысяч замежных студэнтаў са 140 краін сьвету. Беларусы ў гэтым шэрагу займаюць другое месца, саступаючы толькі ўкраінцам. Паводле наяўных звестак, у польскіх ВНУ вучацца амаль 3 тысячы беларускіх студэнтаў, і толькі нязначная частка скіравалася ў гэтую краіну паводле праграмы Каліноўскага.

 

паводле "Радыё Свабода"

 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку