Адказаць на каментар

Чаму ў Еўропу хоча пераважна моладзь? Як беларусы выбіраюць саюзнікаў, пры чым тут размеркаванне і лібералізм? Адказы на гэтыя пытанні прапануе даследванне геапалітычнай арыентацыі беларусаў ад Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS).



Амбіцыйныя абіраюць Еўрасаюз

Амбіцыйны маладзён з вышэйшай адукацыяй, хутчэй за ўсё з вялікага гораду, які лічыць сябе здольным знайсці працу ва ўмовах канкурэнцыі і атрымаць высокі заробак – такі партрэт прыхільніка інтэграцыі Беларусі з Еўрасаюзам. 42% тых, хто хацеў бы гэтага – моладзь.

Алена Арцёменка, эксперт BISS, бачыць для гэтага наступныя прычыны: «У іх няма настальгіі па Савецкім Саюзе, яны вольныя ад матэрыяльных абавязкаў і часцей за ўсё не настолькі ўцягнутыя ў матэрыяльнае забеспячэнне сябе і сваіх сем’яў, для іх страта кантролю на дзяржуласнасцю, прыватызацыяй не такая хваравітая. Праз адсутнасць бар’ераў каштоўнасці Еўрасаюза падтрымлівае пераважна моладзь».

Нягледзячы на гэта, эксперты асабліва падкрэсліваюць, што інтэграцыя з Еўрасаюзам – не асноўнае, чаго хоча моладзь.

Агульная ж колькасць прыхільнікаў уваходжання ў Еўрасаюз у 2013 ў параўнанні з 2010 не змянілася – іх 17%.

 

  

(Дыяграма «Дзе беларусы бачаць сваю будучыню»)

 

Яшчэ траціна беларускага насельніцтва хацела б бачыць сваю краіну цалкам незалежнай і па-за межамі якіх бы то ні было саюзаў. 43,4% – у саюзе толькі з Расіяй альбо з Расіяй і ЕС адначасова. Але пры ўсім тым, большасць апошняй групы на рэферэндуме прагаласавалі б за ўваходжанне ў Еўрасаюз.

 

Даеш лібералізм

 

Нават у не такой вялікай Беларусі геаграфічнае размяшчэнне ўплывае на меркаванні людзей: больш у Еўрасаюз хочуць жыхары Гродзенскай вобласці. А жыхары Віцебскай схільныя да саюзу з Расіяй. Гэта адлюстроўваецца і ў тым, куды ездзяць жыхары абласцей на заробкі: хто ў польскі Беласток, а хто ў Маскву, Бранск, Смаленск.

Па сваім жа каштоўнасным кшталце прыхільнікі ЕС і ЕС+РФ падобныя між сабой ліберальнасцю поглядаў. У той час як тыя, хто за цалкам незалежную Беларусі альбо за саюз толькі з Расіяй – патэрналісты – больш схільныя да моцнай дзяржавы.

Для моладзі бліжэй ліберальныя каштоўнасці, а вось старэйшае пакаленне не такое ліберальнае: за варыянт жыцця ў незалежнай Беларусі альбо ў саюзе з Расіяй выказваліся пераважна людзі старэй за 45 год.

Прыхільнікі існавання Беларусі ў Еўрасаюзе таксама выказваліся пра сацыяльныя гарантыі дзяржавы, у тым ліку (sic!) і пра размеркаванне.

І высветлілася, што ліберальная частка нашага насельніцтва не толькі супраць прымусовага працаўладкавання пасля ВНУ, але і супраць сацыяльнай гарантыі накшталт “меншы заробак – гарантаваная праца” (57 і 63 % нязгодных адпаведна). 61% прыхільнікаў жыцця ў Еўрасаюзе лічаць, што ім лепш працаваць ў прыватным сектары.

 

Незалежнасць альбо кашалёк

 

Адметна, што беларусы шукаюць фінансавых выгодаў не менш за палякаў, толькі здабываюць іх па-іншаму.

Эканамічная бяспека пры любой інтэграцыі – галоўнае (так лічаць 72% грамадзянаў). 

 

 

Для 70% грамадзянаў Беларусі ўтварэнне адзінай дзяржавы з Расіяй прымальнае пры ўмове той самай бяспекі.

 

Эксперт BISS Дзяніс Мельянцоў зазначае: «З 2010 году бачны значны рост – тады гэтая лічба складала 55%. Крызіс 2011 года скарэктаваў адносіны беларусаў да выбару саюзнікаў».

 

Каштоўнасны бок уступлення Беларусі у Еўрасаюз цікавіць няшмат людзей (7,3% насельніцтва). Падобна, шмат хто з беларусаў з задавальненнем бачыў бы не толькі крэдыты-ільготы-міжнародную супрацу ў сваёй краіне, але і з’ездзіў бы за мяжу, каб зарабіць грошай.

Пытанне ж эканамічных санкцыяў незнаёмае палове насельніцтва краіны, як і праграмы “Усходняе партнёрства” і “Дыялог пра мадэрнізацыю Беларусі”.

То бок, нягледзячы на высокую цікавасць да Еўрасаюзу, беларусы па-ранейшаму глядзяць на яго прагматычна, а ведаюць вельмі мала.

Па словах даследчыкаў, «агульныя арыентацыі насельніцтва шмат у чым будуць залежаць ад таго, якія настроі будуць сфармаваны ў будучай моладзі». Атрымліваецца, поле для асветніцкай дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў літаральна неаранае.

Поўны варыянт даследвання Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) «Геапалітычныя перавагі беларусаў: занадта прагматычная нацыя?» настаронцы альбо ў PDF.

 

Даведка АМП

 

Усходняе партнёрства – праект Еўрапейскага Саюза, скіраваны на паглыбленне адносінаў з 6 краінамі былога СССР: Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю.

Праект прадугледжвае падпісанне з гэтымі дзяржавамі на працягу наступных некалькіх гадоў дамоваў пра асацыяцыю, стварэнне зоны свабоднага гандлю і паступовае фармаванне адзінага рынку па прыкладзе таго, што ўжо існуе ў ЕС з такімі краінамі, як Нарвегія, Ісландыя і Ліхтэнштэйн.

Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі - абмен поглядамі і ідэямі паміж ЕС і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі па пытаннях рэформ, неабходных для мадэрнізацыі Беларусі, і пра адпаведны патэнцыял развіцця адносінаў з ЕС, пра звязаную з гэтым магчымую падтрымку ЕС.

Ганна Валынец.

Паводле прэсавай службы "АМП"

 

 

 

 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку