Адказаць на каментар
За выкананне задання рэдакцыі ў Свіслачы карэспандэнт Радыё Свабода быў пакараны штрафам у Ленінскім раённым судзе Горадні.
Журналіста Міхала Карневіча аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (гэта 2 мільёны 250 тысяч рублёў) за нібыта ўдзел 26 кастрычніка ў акцыі памяці братоў Каліноўскіх.
Разам з Карневічам за святочнае мерапрыемства ў Свіслачы аштрафаваныя на 35 базавых велічыняў (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў) Уладзімір Хільмановіч — праваабаронца, журналіст-фрылансер, і Ежы Грыгенча — кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі АГП. Яшчэ адзін партыец з АГП, Віталь Лопасаў, аштрафаваны на 15 базавых.
Міхал Карневіч заявіў у судзе хадайніцтва і прадставіў дакументы аб тым, што ў Свіслачы ён выконваў заданне рэдакцыі, падрыхтаваў рэпартаж. Ён папрасіў суддзю Пятрову спыніць справу, бо пратакол на яго быў складзены памылкова, бо ён мае права як журналіст прысутнічаць на любых акцыях.
Суддзя Алена Пятрова пасля тэхнічнага перапынку паведаміла, што знаходзіць склад правапарушэння ў дзеяннях Міхала Карневіча і карае яго штрафам — 2 мільёны 250 тысяч рублёў.
«Па сутнасці, рашэнне суддзі Пятровай прагучала для мяне як забарона на прафэсію, на маю прафесійную дзейнасць. Паколькі ўсе, хто прысутнічаў у судзе, зразумелі, што доказаў маёй віны не было. Я даказаў у судзе, што я журналіст, прадставіў усе неабходныя дакументы. Закон Рэспублікі Беларусь гарантуе мне права асвятляць любыя акцыі — як санкцыянаваныя, так і не», — адзначыў Міхаіл Карневіч.
Журналіст-фрылансер Уладзімер Хільмановіч быў пакараны яшчэ большым штрафам — 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Вось што ён адзначыў пасля суду:
«Быў толькі даказаны факт маёй фізічнай прысутнасці ў Свіслачы, а так — на маю карысць былі і відэаматэрыялы, і сведчанні свіслацкіх міліцыянтаў, якія таксама сцвярджалі, што ніякіх супрацьпраўных, па сутнасці, дзеянняў я не здзяйсняў».