Адказаць на каментар
Жонка палітвязня Юрыя Рубцова, які адбывае паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін, пагутарыла з журналістам Камітэта “Салідарнасць”.
– Юры Рубцоў 22-га студзеня абвясціў галадоўку пратэсту. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Я стаўлюся да ягонай галадоўкі адмоўна, хоць у астатнім яго як свайго мужа я падтрымліваю. Але лічу, што ў дадзенай сітуацыі гэта не дужа эфектыўны метад змагання за свае правы. Навошта і дзеля каго псаваць сваё здароўе? Не магу зразумець, што ён хоча гэтым даказаць. Сын таксама не разумее ягоны такі крок, хоць і падзяляе яго погляды.
– Скажыце, спадарыня Ядвіга, як часта Вы з ім бачыцеся?
– Я ездзіла 14-га студзеня. Збіраюся ехаць да яго ў Куплін у настуупны аўторак. Буду размаўляць і пра галадоўку, пастараюся ўгаварыць яго яе спыніць.
– Як Вы падтрымліваеце сувязь з мужам?
– У асноўным мы з ім размаўляем па тэлефоне. Хоць зараз добрыя людзі перадалі яму планшэт, інтэрнэт-сувязь там даволі ненадзейная. Ён вельмі рэдка ў анлайне. Сын спрабуе з ім перамаўляцца праз інтэрнэт, але таксама атрымліваецца не заўсёды.
– У чым Юрый Рубцоў зараз мае найбольшую патрэбу?
– Нават не ведаю, быццам усяго хапае. Неабыякавыя людзі яму прывозілі і прадукты. Я грошы перадавала. Да спекамендатуры раз на тыдзень прыязджае аўталаўка, дзе можна набыць неабходныя рэчы і ежу.
– Як вы ставіцеся да яго грамадзянскай пазіцыі?
– Я падтрымліваю ягоны выбар, хоць сама і не ўдзельнічаю ў пратэстах. Але калі яго апошні раз забралі без дай прычыны, я была трохі шакаваная. Падумалася, што калі яго фактычна не за што забіраюць і хлусліва абвінавачваюць, то заўтра могуць забраць і мяне і любога іншага чалавека. Такога бязмежжа быць не павінна.
– Як вы ацэньваеце ўмовы ўтрамання ў куплінска й спецкамендатуры?
– Мяне пускалі да яго ў пакой як жонку. Ён жыве ў шасцімесным пакойчыку. Там, калі я была, жыло чацвёра. Стаўленне адміністрацыі да мяне было нармальнае. Іншая справа, што ў іх свае правілы, свае законы, якія асуджаныя на “хімію” мусяць выконваць, я іх не дужа разумею. Як на маю думку, умовы там не дужа кепскія,. Мы чатыры гады жылі з мужам у Маскве (ездзілі на заробкі), дык там у інтэрнаце побытавыя ўмовы былі значна горшыя, чым на “хіміі” у Купліне. Давялося пераехаць на здымную кватэру. Адзіны мінус – абмежаванні ў свабодзе насельнікаў спецкамендатуры.
– Як даўно сфарміраваліся перакананні Юрыя? Хто прыдумаў майку з надпісам?
– Мы разам ужо 37 гадоў – цэлае жыццё. Ягоныя палітычныя погляды сфарміраваныя даўно. Ён выходзіў на пратэстныя акцыі і ў Маскве і ў Мінску. Нават не ведаю, калі ў яго ўзнікла ідэя зрабіць надпіс на саколцы “Лукашэнка, сыходзь!” і насіць яе. Я хвалявалася, хацела выкінуць гэтую майку цішком. Але ён такі, калі што прыдумае, уваб’е сабе ў галаву – не пераканаеш.
Даведка:
Юры Рубцоў ніколі не хаваў сваю грамадзянскую пазіцыю, часта з'яўляўся на людзях у саколцы з палітычнымі лозунгамі. Самая вядомая цішотка Рубцова - са словамі “Лукашэнка, сыходзь!” Менавіта ў такой футболцы Рубцова затрымалі летась пасля Чарнобыльскага шляху. Суддзя Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех 28 красавіка 2014 года пасадзіў Рубцова на 25 сутак арышту за нібыта “непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі” і “дробнае хуліганства”. Гэты ж суддзя палічыў сябе абражаным Юрыем Рубцовым падчас судовых слуханняў і падаў адпаведны іск супраць яго.
6 кастрычніка 2014 года Юрый Рубцоў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 22 снежня 2014 года накіраваны для адбыцця пакарання ў спецкамендатуру №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна. ПЦ “Вясна” і БХК пасля абвяшчэння прысуду прызналі Юрыя Рубцова палітвязнем.
Напісаць ліст падтрымкі Юрыю можна на адрас: 225140, Брэсцкая вобл, Пружанскі раён, в. Куплін, папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №7