Адказаць на каментар
Мінчукі, якія былі на выходных з экскурсійным візітам у Літве, ушанавалі памяць беларускага змагара за свабоду, кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага.
Грамадска-палітычныя актывісты ўсклалі кветкі каля шыльды Кастуся Каліноўскага на былой вязніцы, дзе ён знаходзіўся перад смяротным пакараннем, а таксама ля помніка на Лукішскай плошчы.
Нагадаем, сёння спаўняецца 177 год з дня народзінаў лідара нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага.
Ачоліўшы ў 1863 паўстанне супраць расейскіх уладаў у Беларусі і Літве, Каліноўскі выступіў за шырокае далучэнне да барацьбы сялян. Пры тым, што ён лічыў неабходным цесны саюз з паўстанцамі ў Польшчы, Каліноўскі паслядоўна заклікаў да незалежнасці Літвы-Беларусі.
Напрацягу 1862-1863 гадоў кіраваў выданнем і распаўсюдам «Мужыцкай праўды» - першай нелегальнай рэвалюцыйнай газеты на беларускай мове. Асуджаны на смерць, Каліноўскі працягваў барацьбу, звяртаючыся да народа з «Лістамi з-пад шыбеніцы».
Кастуся Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні ў 1864 годзе.