Адказаць на каментар

Лідар праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі крытычна паставіўся да высноваў сваіх калегаў з арганізацыі «Платформа інавэйшн», якія апошнія месяцы “інспектавалі” беларускія калоніі і следчыя ізалятары, піша Радыё Свабода.

Алесь Бяляцкі амаль тры гады адбыў у бабруйскай калоніі, а падчас следства ўтрымліваўся ў менскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле яго, назіранні і высновы, зробленыя цягам ягоных «турэмных універсітэтаў», кардынальна разыходзяцца з тым, што ўбачылі праваабаронцы «Платформы інавэйшн», наведваючы беларускія калоніі з канца мінулага году, калі Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі даў ім такі дазвол.

– Агульны каментар у мяне такі, што з асноўнымі высновамі, якія робіць спадарыня Алена Красоўская-Касьпяровіч, якая сцвярджае, што ўтрыманне ў беларускіх турмах палепшылася, я адназначна ня згодны. Ня бачу ніякіх паляпшэнняў, каб можна было сцвярджаць, што палепшылі ўмовы ўтрымання і ўвогуле ўсю пенітэнцыярную сістэму.

Па-першае, згадаю, што праваабаронцаў туды раней ніколі не пускалі. Усе спробы праваабаронцаў наладзіць наведванне гэтых месцаў за 20 гадоў мы добра памятаем. Гэта было ў 90-я гады, але ў 2000-я гады гэта рэзка скарацілася, і ў выніку механізм кантролю грамадскасці за пенітэнцыярнай сістэмай у Беларусі не працуе. Ёсць гэтыя абласныя камісіі, у якія часткова ўваходзяць прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Але амаль нідзе, апроч магілёўскай камісіі, там няма прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, і рэальна амаль нідзе гэтыя камісіі не працуюць. Сістэма вельмі замкнутая. Калі МУС дае дазвол нейкай арганізацыі наведваць гэтыя месцы, прычым гэта адбываецца без прызнання праблемаў, без таго, што такое наведванне – частка нейкага адказу грамадскай супольнасці, то ў мяне, прыкладам, узнікаюць пытанні. А чаму такі дазвол атрымала гэтая арганізацыя, а не другая, трэцяя ці іншая, якія таксама прасілі даць ім такую магчымасць? Прыкладам, я ўжо не кажу пра «Вясну», якая не зарэгістраваная ўладамі, але той жа Беларускі Хэльсінскі камітэт так і не атрымаў такога дазволу.

– А без дазволу – ніяк?

– У нашай краіне – не. У шмат якіх постсавецкіх краінах інакш. У Грузіі, Арменіі, Украіне ці Малдове праваабаронцы маюць права наведваць такія месцы ў любы час, найперш каб рабіць маніторынг гэтай сістэмы. Які, дарэчы, базуецца на падрыхтаванай тэарэтычнай базе. Бо проста наведваць калонію – гэта смешна.

Я адбыў тры гады на зоне і ведаю, што ніякі начальнік турмы ці калёніі не гатовы, ня хоча і ня будзе паказваць таго, што насамрэч адбываецца ў зоне. І ніякая камісія, хай яна будзе з дэпартаменту выканання пакаранняў ці яшчэ адкуль зверху, нічога з рэальнага жыцця там ня ўхопіць. Бо ім нічога не пакажуць.

Я памятаю гэтыя камісіі, якія прыязджалі да нас у бабруйскую калонію, прыкладам, з дэпартаменту. Як нас папярэджвалі: так, сёння будзе камісія адтуль – пайшла брудная лаянка – навесці там і там парадак, папрыбіраць тое і тое. Усіх зэкаў замыкаюць у пакоі для адпачынку, дзе тэлевізары стаяць, чакаюць, пакуль камісія пройдзе. Усе мусяць сядзець па атрадах, ня дай бог нехта дзе будзе прабягаць, ён можа быць імгненна пакараны.
Я ўжо не кажу пра нейкія нармальныя кантакты з прадстаўнікамі гэтых камісіяў. Любы вязень, які б захацеў мець такі кантакт, потым безумоўна будзе мець непрыемнасці з боку адміністрацыі калоніі. Бо правіла «не выносіць смецце са сваёй хаты» і на сёння – жалезнае. Людзей, якія спрабавалі пісаць скаргі ў дэпартамент ці нават званіць туды, жорстка каралі.

Пры мне адзін чалавек на маіх вачах і некалькі, пра якіх мне распавялі, былі пасаджаныя ў ШЫЗА на шмат сутак проста за тое, што спрабавалі перадаць скаргу на ўмовы ўтрымання ў калоніі. Пры гэтым ведаю, што бабруйская калонія – ня самая жахлівая ў Беларусі.

Паўсюль скаргі рэзка спыняюцца адміністрацыяй, таму гэтыя наведванні без мэтадалогіі даследавання, прыкладам, без ананімнага анкетавання вязняў, – гэта ў лепшым выпадку такія «пацёмкінскія вёскі». Калі наведнікам паказваюць, што хочуць паказаць, а калі ня хочуць, дык увогуле не паказваюць.

– А вязень у статусе «злодзея ў законе» без перашкод можа паскардзіцца на ўмовы ўтрымання сябрам правяраючай камісіі?

– Ну які злодзей у законе будзе з імі размаўляць? І ўвогуле, якому зэку дазволяць
размаўляць спакойна з правяраючымі, тым больш без прысутных ці не праслухоўваючы?
Са мной сустрэчы ў няволі адбываліся двойчы. Першы раз – калі прыехала абласная грамадская камісія па скарзе. Мая калега паскардзілася, што не дайшоў ліст да мяне, і прадстаўнік камісіі прыехаў, каб выслухаць мяне і атрымаць адказ. Наша сустрэча адбывалася ў прысутнасці намесніка начальніка калоніі.

А другая сустрэча была з папскім нунцыем Гуджэроці, яна адбывалася ў прысутнасці прадстаўніка дэпартаменту зь Менску. Мы з біскупам размаўлялі, а палкоўнік слухаў.
Таму казаць пра тое, што вязьні па-сур’ёзнаму ставяцца да гэтых камісіяў, не выпадае. Мяркую, што дэпартамент і МУС цалкам не гатовыя дапускаць нейкі кантроль і маніторынг пенітэнцыярнай сістэмы.

А дзеля чаго гэта робіцца? Каб рэабілітаваць яе ў вачах беларускай і міжнароднай грамадскасці.

– Чаму вы скептычна ставіцеся да пэўных прыкладаў паляпшэння ўмоў утрымання, якія адзначаюць наведнікі? Вось з’явіліся тыя ж сучасныя тэлевізары з плазмавым экранам, хіба гэта дрэнна?

– Так, паказалі ім гэтыя «плазмы». Але ці задавалі наведнікі пытанне, на якія грошы былі купленыя гэтыя тэлевізары? Гэта былі грошы, сабраныя ў зэкаў? У добраахвотным ці прымусовым парадку? Між тым тэлевізары, як і лядоўні, купляюцца ў асноўным на грошы саміх зняволеных, і можна гаварыць толькі пра тое, дазволяць ці не.

Магу прывесці сотні прыкладаў бязглуздых абмежаванняў, якія ня маюць ніякага тлумачэння. Прыкладам, у СІЗА на «Валадарцы» мы мусілі варыць сабе ежу, бо тое, што нам давалі, есці было немагчыма. Хлеб і то можна было есці выбарачна, макарону – не, суп – не. Кашу – толькі калі заправіш нечым сваім, а проста – немагчыма, бо гэта свіней кормяць такой кашай, як яны кормяць людзей. Кармілі і кормяць цяпер.

Дык мы варылі суп у пластмасавым вядзерцы, бо металічны посуд забаронены. А чаму? А таму што ты, магчыма, з гэтага металу сабе нешта пашкодзіш. У выніку варылі ў пластмасавым вядзерцы, і можна ўявіць, якая там якасць той вады атрымліваецца.

Я ўжо ня буду казаць пра жахлівую перанаселенасць на «Валадарцы». Там побач з намі былі камеры, дзе на 10 ложкаў было больш за 20 чалавек, людзі спалі па чарзе, а з-за гэтага хваробы скуры, выпадкі сухотаў. У маім атрадзе ў Бабруйску аднаго хлопчыка, які сядзеў ужо 5 гадоў, забралі з сухотамі ў шпіталь, у атрадзе ўвялі каранцін. Гэта ж усё ад перанаселенасці. Прыкладам, у нашай секцыі было 15 чалавек – гэта нармальна? Магчыма, што так, калі ёсць свежае паветра, калі ёсць вітаміны. А калі яўны недахоп вітамінаў і людзі, як у нас бывала, працуюць па дзве змены, каб зарабіць свае капейкі? І хіба камісія наведнікаў гэта ўбачыць? Вядома, не.

– Вы кажаце, працуюць па дзве змены? Ёсць звесткі, што ў калоніях ня ўсім хапае працы. Як гэта суадносіцца?

– Фактычна там прымусовая праца, бо ты ня маеш права адмовіцца і мусіш працаваць. Мне паўтара-два даляры ў месяц пералічалі на рахунак з маіх 7–8 даляраў заробку. Астатнія ішлі на плату за ежу. І як за гэтыя грошы набыць сабе вітаміны, тыя ж яблыкі, ці цыбулю, ці грэчку? А калі ты з волі не атрымліваеш дапамогі ў выглядзе перадач? Як за паўтара-два даляры палепшыць сабе рацыён? Гэта ж немагчыма.

Але ня толькі матэрыяльныя праблемы прыніжаюць тваю годнасць. А як быць з тымі кучамі дз..., якія ёсць у прыбіральнях? Калі на 116 чалавек у атрадзе ўсяго чатыры дзіркі ў прыбіральні. Можаце ўявіць, якія горы дз... там ляжаць, у той прыбіральні, і як пасля гэтага чалавек сябе можа пачуваць?

– А наведнік можа гэта ўбачыць на свае вочы?

– Вядома, не. Усё прыбіраецца, чысціцца, а назаўтра, калі камісія сыходзіць, усё паўтараецца. Бо ўсё напаказ.

– І рамонты – таксама напаказ?

– Рамонты адбываюцца ў асноўным на сродкі зняволеных. Вось мяне вызвалілі летам 2014-га, а за год перад гэтым мы рабілі рамонт сваёй секцыі. Толькі вядро фарбы нам дала калонія, астатняе зэкі мусілі даставаць самі. Ці купляць нейкім чынам, ці выменьваць.

Мы проста скінуліся па блоку цыгарэт, і я ў тым ліку. Хоць мне пра гэта не сказалі, бо са мной жа кантакты былі забароненыя, але скідваліся ўсе, і я гэта ціха зрабіў. Перадаў і папярэдзіў, каб нікому не казалі. Вось мы скінуліся па блоку, гэта прыкладна па 10 баксаў, а цыгарэты на зоне – як валюта. І за тую валюту нам на прамзоне зрабілі дошкі для шафы, стол адрамантавалі і гэтак далей.

Але яшчэ раз падкрэслю: матэрыяльны стан калоніі – гэта толькі адзін з кампанентаў утрымання вязняў, і часта ня самы галоўны. Самае галоўнае – гэта абарона годнасці чалавека, якой там зусім няма.

Бо на сёння правілы ўнутранага распарадку, якія распаўсюджваюцца на ўсе калоніі, а таксама Крымінальна-выканаўчы кодэкс маюць настолькі расплывістыя і недакладныя фармулёўкі адносна зняволеных, што адміністрацыя можа ці трымаць цябе, як усіх іншых, ці зрабіць табе ўмовы ўтрымання невыноснымі. Будуць вешаць на цябе парушэнні адно за адным, пазбаўляць харчовых перадачаў, спатканняў. Прычым гэта тычыцца ня толькі палітычна зняволеных, а ўсіх тых, хто спрабуе трымаць сябе там годна, ня «стукаць на іншых», не супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Такіх адміністрацыя спрабуе зламаць. Магчымасці дзеля гэтага якраз і даюць гэтыя законы і дакументы.

І тое, якім чынам, прыкладам, Статкевіч апынуўся ў крытай турме, чаму Аліневіч не вылазіць з штрафных ізалятараў – гэтыя ж інструменты выкарыстоўваюць і супроць звычайных зэкаў. Яны проста ўзялі гэтыя інструменты і перанеслі іх на палітычных зняволеных.

– Чаму, на вашу думку, марудна ідзе працэс рэфармавання пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі?

– На маю думку, уся гэтая сістэма заганная, яна не скіраваная на перавыхаванне чалавека. Замест гэтага выхоўваецца стукацтва, людзей прывучаюць падманваць і хаваць гэтыя падманы, і з такім багажом самых дрэнных якасцяў чалавек выходзіць з турмы.

А там жа ж у асноўным сядзяць маладыя. Прыкладам, у маім атрадзе са ста чалавек было толькі 3–4 за 50 год, усе астатнія – 20–25. І вось іх спрабуюць падраўняць пад адзін грабянец, цалкам задушыўшы чалавечую годнасць. Пра якое выхаванне ў гэтай сістэме можа ісці размова? Гэтая сістэма патрабуе вельмі сур’ёзных рэформаў, для якіх патрэбная палітычная воля. Калі ж яе няма, а ёсць толькі пытанні, што вось тут у вас падлога не пафарбаваная ці трава ня выскубаная як трэба, то нічога ня зменіцца.

І таму, лічу, сістэма будзе заставацца такой, якой яна ўтварылася яшчэ ў савецкія часы. Бо ўсе хваробы сённяшняй беларускай турмы маюць карані яшчэ з савецкіх часоў.
 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку