Адказаць на каментар

Жанчыны ў Беларусі маюць вышэйшы ўзровень адукацыі, чым мужчыны, але пры гэтым яны занятыя ў найменш аплатных прафэсіях. Суадносіны заработнай платы жанчын да заработнай платы мужчын складаюць 74,5%.

Як адзначае аўтарака Радыё Свабода, тэма няроўнасьці па-ранейшаму актуальная. Гендэрныя перакосы прысутнічаюць ва ўсіх сфэрах жыцьця. Нярэдка адзінае тлумачэньне гэтых перакосаў — традыцыя, якая склалася ў Беларусі, лічаць экспэрты Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

Паэтка, перакладчыца, гендэрны дасьледчык Вольга Гапеева кажа, што найперш трэба дамагацца, каб у жанчын былі тыя самыя правы, якія маюць і мужчыны:

"Напрыклад, доступ жанчын да так званых „мужчынскіх“ прафэсіяў. Машыністам электрацягніка мэтро ці пілётам можа быць толькі мужчына. Нядаўна рабілася дасьледаваньне — сапраўды, ёсьць у нас шэраг прафэсіяў, на якія ня могуць прэтэндаваць жанчыны. Гэта і ёсьць дыскрымінацыя. Ёсьць розныя жанчыны, ёсьць розныя мужчыны, і трэба глядзець не на полавую прыналежнасьць, не на гендэр, а на тое, якія ў чалавека здольнасьці і магчымасьці (фізычныя, псыхалягічныя, маральныя), кім ён хоча быць. Проста часам гэтыя рэчы не залежаць ад гендэру, як соцыюм прывычна думае пра гэта.

Другое — гэта, канечне, аплата працы. Таксама тут ёсьць дыскрымінацыя. За адну і тую ж працу мужчыны і жанчыны атрымліваюць рознае фінансавае ўзнагароджаньне. Часьцяком мужчынам плацяць больш.

Сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў студзені 2015 году — 4 млн 439 тысяч, у ахове здароўя — 4 млн 497 тысяч. У Беларусі ёсьць цэлыя сфэры, як правіла, малааплатныя, у якіх занятыя ў асноўным жанчыны: гэта адукацыя, мэдыцына, культура, сацыяльная сфэра. У дзіцячых дашкольных установах, у пачатковай школе мужчын наагул няма".

Заснавальніца фэмінісцкага праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна кажа, што калі глядзець на лічбы наконт удзелу жанчын у розных сфэрах жыцьця, многае выглядае прыгожа. Але лічбы трэба аналізаваць:

“Паводле апошняга дасьледаваньня Міжнароднай арганізацыі працы, 46% жанчын кіруюць якім-небудзь бізнэсам. Вельмі прыгожая лічба — шмат жанчын на кіраўнічых пасадах. Але калі паглядзім зь іншага боку — то толькі 5% жанчын ачольваюць буйны бізнэс. Гэта азначае, што фінансавыя рэсурсы ўсё яшчэ застаюцца ў руках мужчын, на жаль. А жанчыны занятыя ў сфэры дробнага ці сярэдняга бізнэсу. Таму захоўваецца такі панятак, як «шкляная столь».

Нашы жанчыны занятыя ў такіх традыцыйных «жаночых» сэктарах, як адукацыя, ахова здароўя. Гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі захоўваецца фэмінізацыя нізкааплатнай працы. І з гэтым таксама трэба нешта рабіць. Беларусь увесь час змагаецца за так званы «патэнцыял чалавечага разьвіцьця». Дык вось, каб гэты патэнцыял чалавечага разьвіцьця прасоўваць, трэба, каб жанчыны, занятыя ў адукацыі і ахове здароўя, атрымлівалі прыстойныя заробкі, а ня нізкія (як гэта прынята ў сацыяльнай сфэры).

Ёсьць праблема хатняга гвалту. Згодна з дасьледаваньнямі, тры чвэрці ахвяраў сямейна-бытавых злачынстваў — жанчыны, кожная чацьвёртая жанчына цярпіць фізычны гвалт у сям’і.

Правы ў жанчын і мужчын быццам бы роўныя. Але ў нас, да прыкладу, няроўныя ўмовы для паступленьня ў так званыя «мілітарысцкія» ВНУ. Калі мы паглядзім, якія прахадны бал для дзяўчат і для хлопцаў у Акадэмію МУС ці Вайсковую акадэмію, відавочна, што тут адкрытая дыскрымінацыя — прахадны бал для дзяўчат нашмат вышэйшы. І з гэтым можна зьвяртацца ў суд. І ў мяне вялікае пытаньне: чаму гэтага ніхто ня робіць? З аднаго боку — так, жанчыны могуць ісьці ў міліцыю, але куды, у якія службы? Гэта прамое парушэньне канстытуцыйных правоў жанчын.

У Беларусі таксама захоўваецца пералік забароненых для жанчын прафэсіяў. Гэта рудымэнт савецкага часу, і замест таго каб гэты сьпіс адмяніць і задумацца пра тое, як мэханізаваць гэтую небясьпечную працу (калі яна небясьпечная для жанчын, яна небясьпечная і для мужчын), — замест гэтага нашы дэпутаты чарговым разам зацьвярджаюць сьпіс забароненых для жанчын прафэсіяў, а гэта таксама дыскрымінацыя.

Так што ёсьць з чым змагацца, і ня толькі фэміністкам, але і проста жанчынам”.
 

Адказ

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку