Адказаць на каментар
Жонка палітвязня Мікалая Дзядка Лера Хоціна распавяла пра сітуацыю, якая склалася пасля пераводу свайго мужа ў Горацкую папраўчую калонію №9.
Нагадаем, у СМІ з’явілася інфармацыя пра інцыдэнт: 20 мая Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медсанчастку. Пасля аказання першай медычнай дапамогі, Мікалая Дзядка ізноў накіравалі ў тое ж памяшканне ШІЗА, дзе ён і знаходзіўся да 26 мая.
– Як вы даведаліся пра здарэнне?
– Ад адваката. Мяне гэтая навіна шакавала. Мы тэлефанавалі ў калонію кожны дзень. Яго мама ўдакладняла ўвесь час, ці ўсё нармальна. Нам казалі, што ўсё з ім у парадку. Маўляў, ёсць парушэнні, але ён у атрадзе і ўсё з ім нармальна.
Я была гатовая, што будзе на яго прэсінг. Я ведаю, што ў гэтай калоніі такія парадкі. Але не чакала, што такі ціск пачнецца адразу. Атрымліваецца, што за два тыдні ён толькі пару дзён правёў у каранціне. Астатнія дні – у штрафным ізалятары. Калі раней на яго спрабавалі ціснуць праз асуджаных, то зараз адбываецца велізарны ціск з боку адміністрацыі.
– Чаму Мікалай вырашыў нанесці сабе раненні?
– Ён сказаў адвакату, што хацеў прыцягнуць увагу адміністрацыі да невыносных умоў утрымання. У камеры было вельмі халодна. Але нават пасля таго, як ён парэзаўся, яго патрабаванне – перавесці ў іншую камеру – не было выканана. Пашанцавала, што на вуліцы пацяплела, стала больш цёпла і ў камеры.
Пасля інцыдэнту дазволілі сустрэчу з адвакатам. Звычайна тым, хто знаходзіцца ў ШІЗА, не дазваляюць сустрэцца з абаронцам. Ён заяву на сустрэчу не пісаў, бо ў штрафным ізалятары не даюць асадку і паперу. Ад адваката мы і даведаліся пра здарэнне.
– Які стан Мікалая зараз?
– Канешне, я вельмі турбуюся пра гэта. Інфармацыя прыходзіць не кожны дзень. Адзінае, што абнадзейвае – яго асабісты стан. Настрой у яго нармалёвы, калі можна так казаць у гэтай сітуацыі.
– Чаму ўзмацніўся ціск на Мікалая, на вашу думку?
– Я лічу, што гэта асаблівасць калоніі. Бо, як казаў Мікалай, у турме было парадку больш, чым дзе. А таксама магчыма паступіла каманда ўзмацніць ціск зверху. Яны збіраюць на яго парушэнні, каб зноў вярнуць у турму, як тое было з Міколам Статкевічам.